Ніякіх улётак у паштовых скрынях, кароткая рэклама і людзі ў рэкламе піва: што зменіць новы закон пра рэкламу?


Грамадскае абмеркаванне зменаў у закон «Аб рэкламе» працягнулі да 8 чэрвеня. Мы сабралі самыя істотныя змены, якія палегчаць жыццё спажыўцам рэкламы, але ў той жа час, могуць ускладніць працу рэкламадаўцаў.

Цяпер дзіцячыя і адукацыйныя праграмы працягласцю ад 15 да 25 хвілінаў могуць перарывацца рэкламай толькі напачатку і напрыканцы праграмы. Доўжыцца рэклама можа не больш за хвіліну. У праграмах працягласцю ад 25 да 40 хвілінаў рэклама не можа быць даўжэй за паўтары хвіліны, ад 40 хвілінаў да 1 гадзіны – дзве з паловай хвіліны.

Цяпер у перапынках паміж праграмамі нельга пускаць «Тэлекрамы».

Яшчэ адна добрая навіна – паводле новага закону гук рэкламы не павінен быць вышэйшы за гук у праграме, якую яна перарывае. Калі закон набудзе моц, то рэкламы, якая рэзка пачынае крычаць на ўсю хату, не будзе.

Стаміліся выкідваць з паштовай скрыні ўлёткі і буклецікі? Новы закон забараняе без дазволу ўладальніка паштовай скрыні, туды нешта ўкідваць. Цяпер, калі якая-небудзь крама захоча накідаць у скрыні ўлётак, то ёй трэба ўзяць пісьмовы або электронны дазвол на гэта ў кожнага, каму яны хочуць дастаўляць рэкламу ў такім выглядзе. Таксама рэкламадаўца або той, хто распаўсюджвае рэкламу, па першаму патрабаванню ўладальніка паштовай скрыні мусіць спыніць яму дастаўку рэкламы. Ёсць верагоднасць, што папяровага смецця ў пад’ездах стане менш.

Таксама не трэба будзе ні з якімі дзяржаўнымі органамі ўзгадняць рэкламу на транспартным сродку. Таму можна спакойна наляпіць на барты сваёй машыны лагатып улюбёнага тэлеканалу, «Белсату», напрыклад.

У рэкламе піва могуць зʼявіцца людзі. Раней было забаронена выкарыстоўваць у рэкламе піва і слабаалкогльных напояў вобразы людзей. Прапаноўваецца дазволіць рэкламу, у якой будзе інтэрвʼю з вытворцамі піва.

А вось тым, хто рэкламуе розныя фінансавыя біржы кшталту «Форэкс» цяпер абавязкова прыйдзецца згадваць, што гульні на такіх біржах нясуць фінансавую рызыку.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў