«Ніколі не думаў, што буду выбіраць, на чыё пахаванне пайсці». У Менску развіталіся з гукарэжысёрам Максімам Гаўрыленкам


14 траўня па дарозе з Гомля ў Менск адбылася аварыя: на трасе М5 сутыкнуліся два аўтамабілі, трое чалавек загінулі. У адной з машынаў былі дакументалісты, якія здымалі праект «Невядомая Беларусь». Яны вярталіся са здымак фільму аб дапамозе валанцёраў медыкам.

Мастак-гукарэжысёр Макс Гаўрыленка і рэжысёр Уладзімір Міхайлоўскі загінулі. Рэжысёрка Любоў Зямцова цяпер у бальніцы хуткай медычнай дапамогі ў крытычным стане.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Сёння ў менскім крэматорыі прайшло развітанне з Максімам Гаўрыленкам. Рэдакцыя «Белсату» выказвае спачуванні сям’і ды блізкім загінулых і зычыць хутчэйшага выздараўлення Любові Зямцовай.

Дзмітрый Кацяшоў:

– Макс быў светлым і добрым чалавекам. Ніколі ад яго не было ні кроплі негатыву або капрызаў. Пры гэтым ён быў мэтанакіраваны, ён выразна ведаў, чаго хацеў, але ніколі не ішоў па галовах. Умеў чакаць. Ніколі не скардзіўся. Быў захоплены музыкай і ведаў, як сябе ў ёй выказаць.

Дзмітрый Кацяшоў.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Я памятаю, як ён прыехаў да мяне: трэба было за дзень (!) падцягнуць англійскую мову, каб камунікаваць з немцамі, там нешта было звязана з кіно. І мы сядзелі тры гадзіны і вучылі з ім базіс. І назаўтра ён ужо размаўляў. Вось такі ён быў чалавек, і застаецца такім у нашай памяці.

Мікалай Лаўранюк:

– Я прадзюсар і каардынатар Нацыянальнага конкурсу фестывалю «Лістапад». З Максімам мы працавалі над фільмам «II», дзе ён быў гукарэжысёрам. Як правіла, на пляцоўцы адзін чалавек запісвае гук, а на этапе постпрадакшэну з ім працуе іншы чалавек. Макс рабіў усё ад пачатку да канца. Яшчэ ён увесь час працаваў з рэжысёркай Уладай Сяньковай.

Мікалай Лаўранюк.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Мы знаёмыя даўно, яшчэ калі яму было гадоў дваццаць. Мы сустрэліся на нейкай вечарыне ў цяпер не існым клубе «ДК»: там мы размаўлялі з калегам пра кіно, травілі байкі. Да нас падышоў хлопец і сказаў: «Я чуў, што вы гутарылі пра кіно. Я пачатковец-гукарэжысёр, працую на «Беларусьфільме», але мне там не вельмі падабаецца, хочацца расці і больш працаваць. Я гатовы дапамагаць, так што клічце на любыя праекты – з аплатай, без аплаты».

І гэта яго вельмі характарызуе: ён вельмі любіў кіно і быў выдатным прафесіяналам. Складана знайсці чалавека ў беларускім кіно, каму Макс не дапамагаў тым ці іншым чынам. Гэта сапраўды быў гукарэжысёр, пра якога ты думаў у першую чаргу, калі пачынаў праект.

Мастак-гукарэжысёр Максім Гаўрыленка. Фота з сямейнага архіву

Ён быў не толькі прафесіянал, але і чалавек з выдатнымі чалавечымі якасцямі. Якія б складаныя здымкі ні былі – мы здымалі нават па 19 гадзінаў – Макс заўсёды працаваў з поўнай самааддачай, спакоем і неверагодным прафесіяналізмам. Я не ведаю другога такога чалавека. Я не ведаю, як мы будзем жыць без яго. На такіх людзях, як Макс, і трымаецца беларускае кіно. Гэта велізарная страта.

Максім Гаўрыленка. Фота з сямейнага архіву

Макс вельмі таленавіты. Ёсць гукарэжысёры, якія больш тэхнічна падкаваныя. Яны спецыялісты, якія робяць тое, што кажа рэжысёр. А Макс быў мастак, творца. У яго была вялікая колькасць ідэяў, і ён заўсёды знаходзіў творчыя рашэнні, якія першапачаткова наогул не задумваліся. Потым мы разумелі, што ён меў рацыю і знаходзіў парадаксальныя рашэнні.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

У кіно гук вельмі важны: гэта нашмат больш, чым рабіць галасы герояў чутнымі. Гэта музыка. А Макс быў яшчэ і музыкам. У тым жа фільме «II» няма спецыяльна напісанай музыкі, там усё будуецца на шумах. Ёсць сцэны, якія пабудаваныя на гуку і рытме. Па сутнасці, можна назваць Макса кампазітарам.

Я назіраў, як ён працуе. І бачыў, як з кожным фільмам у яго адбываўся творчы рост. Вельмі шкада, што больш не будзе фільмаў з ягоным удзелам. А зусім нядаўна мы бачыліся, і ён распавядаў, што хоча зняць кароткаметражны фільм у якасці рэжысёра. Казаў: «Здыму і да «Лістападу» дашлю заяўку». Мне б вельмі хацелася ўбачыць гэты фільм.

Максім Гаўрыленка. Фота з сямейнага архіву

Мы страцілі вельмі таленавітага, прыгожага і добрага чалавека.І я ніколі не думаў, што буду выбіраць, на чые пахаванне сяброў пайсці. З Вовам Міхайлаўскім мы таксама былі знаёмыя.

Андрэй Стрыжак:

– 14 траўня мы прыбылі ў Гомель каля 9-й раніцы і пачалі рэйд па чатырох бальніцах. Хлопцы знялі вельмі важны і цікавы матэрыял, які дэманстраваў працу медыкаў. У іхны абʼектыў трапіла перавозка ковіднага хворага. Гэтыя кадры важныя з гледзішча дакументавання рэальнасці, у якой Беларусь цяпер аказалася. Мы з імі былі цэлы дзень.

Андрэй Стрыжак.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Нашы валанцёры з #ByCovid19 працавалі з імі ўжо два тыдні. Валодзя казаў пра тое, што пасля заканчэння здымачнага праекту ён далучыцца да нас. Максім таксама быў пад уражаннем ад таго, што бачыў. Люба таксама.

Мы з імі рассталіся, каб сустрэцца зноў: я павінен быў у пятніцу запісаць з імі невялікі кавалачак інтэрвʼю ў Менску. Але на наступны дзень даведаўся аб тым, што нейкія валанцёры разбіліся. Мы адразу сталі правяраць, нашы яны ці не: цяпер вельмі шмат людзей валанцёрыць па ўсёй краіне. Чамусьці думаў, што гэта маглі быць магілёўскія хлопцы, бо аварыя здарылася побач з Пухавічамі.

Максім Гаўрыленка. Фота з сямейнага архіву

Потым аказалася, што адзін з разбітых – гэта сын Каці Гаўрыленкі. Яна нашая каардынатарка па Магілёўскай вобласці. Але тады я яшчэ не супаставіў, што гэта тая самая здымачная група. Ужо ў пятніцу пасля абеду мы даведаліся, што гэта менавіта яны. Гэта моцна паўплывала на працу ўсёй каманды.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Я ведаю роўна столькі інфармацыі, колькі даў Следчы камітэт: лабавое сутыкненне. Не ведаю, якая была хуткасць. Нават калі ў абедзвюх машынаў было 80 км/г, гэта шмат разам.

Люба цяпер у бальніцы хуткай медычнай дапамогі. Да гэтага яна была ў бальніцы ў Марʼінай Горцы, дзе ёй зрабілі шэраг аперацыяў. Мы падключылі ўсіх магчымых дактароў, каб выратаваць яе. Яны робяць усё магчымае, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі. Яе стан вельмі цяжкі.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Але жыццё працягваецца. Барацьба за жыццё і здароўе медыкаў і пацыентаў таксама працягваецца. І мы працягваем сваю працу.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Цяпер у нас ёсць прадстаўнікі на нябёсах. Вельмі спадзяюся, што яны пра нас паклапоцяцца і будуць берагчы нас гэтак жа, як мы спрабавалі берагчы іх тут. Але не збераглі.

Фота + Відэа
«Ён толькі цяпер знайшоў свой шлях, сваё каханне». У Бабруйску развіталіся з маладым рэжысёрам Уладзімірам Міхайлоўскім
2020.05.16 16:08

Таня Капітонава belsat.eu

Стужка навінаў