Нікол Пашыньян запатрабуе тлумачэнняў ад Лукашэнкі


Нікол Пашыньян, які выконвае цяпер абавязкі прэм’ер-міністра Арменіі, незадаволены тым, што Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў сітуацыю ў АДКБ з Азербайджанам, які не ўваходзіць у гэтую арганізацыю.

Падчас размовы з журналістамі 16 лістапада армянскі лідар заявіў, што будзе патрабаваць тлумачэнняў ад кіраўніка Беларусі.

«Гэта прыкладна тое ж самае, як калі б напрыклад я запрасіў якога-небудзь замежнага амбасадара краіны, якая не з’яўляецца членам АДКБ, і распавёў яму пра паседжанне, якое прайшло ў фармаце зачыненых дзвярэй, – цытуе Пашыньяна News.am. – Я здзіўлены тым, што чалавек, які займае статус кіраўніка дзяржавы на працягу 30 гадоў, мог дазволіць сабе падобны крок. І я, вядома, павінен запатрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Беларусі і не толькі ад прэзідэнта Беларусі».

У Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

У панядзелак, прымаючы пасла Азербайджану ў Беларусі Латыфа Гандылава, Лукашэнка сказаў, што на пасаду генеральнага сакратара АДКБ Менску мае тры кандыдатуры, а таксама дадаў, што Нікол Пашыньян павінен разабрацца з сітуацыяй ува ўрадзе.

«Арменія ўзначальвае ЕАЭС і АДКБ, вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца на пераходным перыядзе. Ці Арменія дасць рады?», – запытаў Лукашэнка.

У аўторак МЗС Арменіі назвала заяву «некарэктнай».

2 лістапада Рада калектыўнай бяспекі АДКБ вызваліла прадстаўніка Арменіі Юрыя Хачатура ад пасады генеральнага сакратара арганізацыі. 8 лістапада павінен быў быць абраны новы генсек. «КоммерсантЪ» падаваў, што ім можа стаць прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась, аднак на саміце АДКБ у Астане рашэнне аб новым генсеку не прынялі.

Наступны тэрмін, калі гэта можа адбыцца – 6 снежня ў Санкт-Пецярбурзе.

Нікол Пашыньян запатрабуе тлумачэнняў таксама ад прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева за заяву пра тое, што на пасаду генеральнага сакратара арганізацыі будзе прызначаны прадстаўнік Беларусі.

«Ніхто не меў права выступаць з падобнай заявай, таму што рашэнні ў АДКБ прымаюцца пры кансэнсусе, а мы дакладна выказалі нашу пазіцыю. Думаю, вельмі важна, каб у межах АДКБ мы мелі вельмі выразную размову з партнёрамі, каб для кожнага было ясна, якія ў яго абавязкі ў адносінах да астатніх і наагул якія абавязкі краінаў-удзельніц у адносінах да арганізацыі і іншых краінаў-удзельніц», – заявіў Пашыньян.

В. а. Армянскага прэм’ера дадаў, што ў пятніцу паразмаўляў па тэлефоне з Уладзімірам Пуціным, і яны таксама абмеркавалі гэтае пытанне.

19 лістапада Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з кіраўніком Азербайджану Ільхамам Аліевыем, які наведае Беларусь з афіцыйным візітам. Сустрэчы пройдуць у Палацы Незалежнасці як у фармаце «адзін на адзін», гэтак і ў складзе дэлегацыяў.

ДД

Стужка навінаў