«Ніхто нікога не нахіліць». Лукашэнка не хоча аб’ядноўвацца з Расеяй


10 студзеня 2019 года. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб інтэграцыі і развіцці краіны сёлета. Фота – прэс-служба кіраўніка Беларусі

На нарадзе з міністрамі і сілавікамі 10 студзеня Аляксандр Лукашэнка распавёў, што да беларуска-расейскай інтэграцыі не гатовыя ані ў Менску, ані ў Маскве, падае president.gov.by.

Дурныя пытанні

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што пытанні пра аб’яднанне з Расеяй і аўтакефалію беларускай Царквы сёння перад ім не стаяць.

«Я называю гэтыя пытанні вельмі дурнымі, прыцягнутымі за вушы для абмеркавання ў нашым грамадстве, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Мы з прэзідэнтам Расеі адназначна вызначылі, што сёння на парадку дня пытання аб аб’яднанні няма».

Паводле Лукашэнкі, абодва бакі не гатовыя да аб’яднання.

«Няма такой магчымасці ў Расеі, улічваючы наступствы ўсяго, на гэта пайсці. Трэба супакоіцца і спыніць гэтыя размовы, што хтосьці кагосьці нахіліў або нахіляе. Тут ніхто нікога не нахіліць», – працягнуў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што саюз Беларусі і Расеі можа развівацца толькі на раўнапраўнай аснове.

«Няма раўнапраўнай асновы – няма саюзу», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, галоўнае пытанне, якое паўстае сёння ў дачыненнях з усходнімі суседзямі, – што рабіць з саюзнай дамоваю.

«Трэба сядаць за стол і глядзець, што мы разам можам сёння паводле дамовы вырашыць, на што мы можам без усякага ціску пайсці», – заявіў Лукашэнка.

Ганебныя пытанні

Кажучы пра гаспадарчую супрацу з Расеяй, Лукашэнка заявіў, што нявырашанымі застаюцца пытанні паставак беларускіх харчоў у Расею.

«Мы з прэзідэнтам Расеі дамовіліся, што гэтыя ганебныя пытанні трэба здымаць, каб яны больш ніколі не стаялі на парадку дня нашых перамоў на вышэйшым узроўні», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пытанні, якія трэба вырашаць

Паводле Лукашэнкі, 2019-ы год будзе нялёгкім, бо ён – перадвыбарчы.

«У нас дастаткова пытанняў, якія трэба вырашаць лепш, чым яны вырашаюцца ў цяперашні час. Мы ўмеем развязваць гэтыя пытанні», – дадаў кіраўнік Беларусі.

Коля Лукашэнка прымусіў бацьку заплакаць

ДД

Глядзі таксама
Каментары