«Ніхто не замінае пакласці кветкі». У Вільні адзначылі ўгодкі смерці Каліноўскага


Акцыя ва ўмовах каранціну. Больш за 5 чалавек не збірацца.
Фота: Ганна Русінава / «Белсат»

22 сакавіка – угодкі смерці Кастуся Каліноўскага. Беларусы Кірыл Крывіцкі і Кірыл Атаманчык, якія цяпер жывуць у Вільні, запалілі знічкі каля крыжа паўстанцам 1863–1864 гг. на Лукішскай плошчы ў літоўскай сталіцы. Цяпер Літва ў стане каранціну, таму арганізатары акцыі папрасілі іншых актывістаў заставацца дома, бо больш за 5 чалавек забаронена збірацца.

«Гэты дзень трэба памятаць незалежна ад тых абставінаў, якія вакол нас, бо менавіта нашыя героі шлі змагацца за бацькаўшчыну нягледзячы на абставіны і мы павінны ўшаноўваць іх памяць», – сказаў «Белсату» Кірыл Крывіцкі, прадстаўнік беларускай дыяспары Вільні.

Кірыл Крывіцкі і Кірыл Атаманчык.
Фота: Ганна Русінава / «Белсат»

«Каранцін каранцінам, але ніхто не замінае самастойна прыйсці і пакласці кветкі, калі ўсё ж такі ў каранціне зможаш іх знайсці, або запаліць знічы, гэта нармальная з’ява, тут ні трэба ніякіх масавых мерапрыемстваў, дастаткова аднаго, двух чалавек, проста каб прыйсці і ўзгадаць памяць нашых герояў», – кажа Кірыл Атаманчык, чалец грамадскага камітэту ўшанавання памяці паўстанцаў 1863-64 гг.

Фота: Ганна Русінава / «Белсат»

Летась 22 лістапада ў Вільні адбылося ўрачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. Belsat.eu вёў наўпроставую трансляцыю з Вільні.

  • Кастусь Каліноўскі быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. Выдаваў з паплечнікамі першую беларускамоўную газету – «Мужыцкая праўда». Быў схоплены царскімі жандарамі ды пакараны смерцю праз павешанне за арганізацыю паўстання супраць царскага рэжыму. Расправа адбылася 22 сакавіка 1864 г. на Лукішскім пляцы ў Вільні. Пахавалі Каліноўскага на гары Гедзіміна, дзе ў тыя часы месціўся расейскі ваенны гарнізон.

ГР belsat.eu

Стужка навінаў