Незвычайных хатніх жывёл хочуць забараніць трымаць у кватэрах і кантактных заапарках


Кракадзілаў, доўгіх атрутных змей і некаторых павукоў хочуць унесці ў спіс дзікіх жывёл, якіх нельга ўтрымліваць і разводзіць у хатніх умовах. Абмежаванні хочуць увесці і для перасоўных і кантактных заапаркаў.

Змены ў заканадаўства па пытаннях жывёльнага міру прадугледжаны планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год. Іх маюць намер падрыхтаваць да мая, а ў верасні прадставіць на разгляд парламенту, – паведамляе TUT.by.

lizard, animal, pet, terrarium

У спіс дзікіх жывёл, якіх нельга будзе ўтрымліваць і разводзіць у хатніх умовах, хочуць уключыць:

  • віды млекакормячых, вышыня ў карку якіх перавышае 70 сантыметраў, віды буйных каціных, псовых, мядзведжых, буйных грызуноў сямейства Бабровыя і Дзікабразавыя;
  • усе віды атрутных змей, у таксама змей, агульная даўжыня якіх перавышае 5 метраў;
  • віды дзікіх жывёл з атраду Кракадзілы, буйных прадстаўнікоў роду Варанаў, Скалапендры, скарпіёны, павукі родаў Пецыллотэрыя, Пцерінохілюс, мегафобема, атраду Павукі;
  • усе віды атраду Прыматы.

У Беларусі няма асобнага закона, у якім быў бы пералік жывёл, дазволеных для ўтрымання ў якасці хатніх гадаванцаў. Зацверджаны толькі правілы ўтрымання хатніх сабак, котак, а таксама адлову безнаглядных жывёл.

У перасоўных і кантактных заапарках хочуць забараніць утрымліваць усе віды дзікіх жывёл. Выключэнне – віды, якія адносяцца да падатраду мышэабразныя: хамякі, мышы, тушканчыкі, соні і іншыя.

Сярод прычын, па якіх хочуць увесці новаўвядзенні, – захаванне біялагічнай разнастайнасці, прадухіленне шкоды жыццю і здароўю дзікіх жывёл у няволі, усталяванне гарантыі бяспекі грамадзян.

АД, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў