Нежаночае пытанне

Святлана
Калінкіна
публіцыстка

Аляксандр Лукашэнка напрарочыў, што не быць жанчыне прэзідэнтам Беларусі, што не абярэ яе народ.

А чаму?

Бо пры прэзідэнтцы-жанчыне наша краіна ніколі б не выйшла ў сусветныя лідары па колькасці зняволеных? І дзяржава не ламала б лёсы тысяч і тысяч людзей жорсткімі, несправядлівымі, неадэкватнымі прысудамі, пакуючы ў турмы і калоніі без разбору і без жалю. І не давяла б маці і жонак гэтых зняволеных да галадовак, пікетаў, лістоў з маленнем аб дапамозе і да Патрыярха ў Маскву, і да Папы ў Рым.

Мікалай Салянік размаўляе з Сяргеем Ціханоўскім на пікеце па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзідэнты ў Горадні. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Бо пры прэзідэнтцы-жанчыне была б нарэшце вырашаная праблема хворых дзяцей – хоць бы хворых дзяцей! – тых, якіх не можа вылечыць наша медыцына, але якім могуць дапамагчы найлепшыя клінікі свету. Каб кожная беларуская мама ведала, што калі, барані Божа, здарыцца бяда, то не прыйдзецца вар’яцець, ірваць на сабе валасы, кідацца па знаёмым і незнаёмым, молячы дапамагчы грашыма для выратаванне дзіцяці. Каб кожная мама ведала, што лекаванне аплаціць дзяржава. Што дзяржава зробіць для гэтага ўсё магчымае. Бо калі ёсць грошы на «Калядныя турніры», сумнеўныя фестывалі і парады, то павінны знайсціся грошы і на лячэнне дзяцей.

https://belsat.eu/news/ad-lekarki-da-mis-belarus-zhanchyny-vakol-lukashenki-za-use-25-gadou/

Беларусы не абралі на прэзідэнцтва жанчыну, бо жанчыне ўласціва згладжваць канфлікты, шукаць кампраміс, а не дзяліць грамадства на сваіх і чужых, нацкоўваючы адзін на аднаго? Бо яна ўспрымала б як гора, бяду, ганьбу сітуацыю, калі адны беларусы лупяць дубінкамі іншых беларусаў толькі за тое, што ў тых – іншае меркаванне. Бо яна не крычала б у азарце «Ату!», «Фас!», «Бі!». Яна б шукала магчымасць пазбегнуць канфлікту, не дапусціць абвастрэння.

Беларусы не захочуць жанчыну-прэзідэнтку, бо паміж лядовым палацам і бальніцай жанчына выбрала б бальніцу?

Паміж новымі рэзідэнцыямі і абнаўленнем школ абрала б школы.

Між тым, каго падтрымліваць – спартоўцаў або старых – выбрала б старых.

Беларусы не абралі б жанчыну прэзідэнткаю, бо яна не пасварылася б з усімі суседзямі. Сто разоў падумала б, перш чым ублытвацца ў авантуры, накшталт БелАЭС. Бо яна не праводзіла б парад у эпідэмію, рызыкуючы жыццямі…

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Ды самае простае возьмем: з кім бы прэзідэнтка-жанчына прыходзіла на публічныя мерапрыемствы, каго б садзіла побач з сабой? Маладзенькі эскорт? Ніколі! Не ганьбіла б ні сябе, ні сваю пасаду! На спартовых мерапрыемствах яна б выказала павагу заслужаным спартоўцам, на культурных – дзеячам мастацтва, на грамадска значных – лідарам меркаванняў, людзям, якія шмат зрабілі для гэтай дзяржавы.

Паважаць! Гэта ўвогуле ключавое слова. Бо перш чым рабіць заявы ад імя народу, трэба вярнуць гэтаму народу права выбіраць, трэба паважаць яго меркаванне. І гэта не пра мужчынскае ці жаночае – гэта дакладна не пра Лукашэнку.

Аляксандр Лукашэнка прыбыў на цырымонію інаўгурацыі, 21 студзеня 2011 года, Менск. Фота: POOL New / Reuters / Forum

Лічыцца, што ў мужчынаў і жанчын – розная ўласцівасць памяці. Мужчыны непрыемнае не памятаюць, проста сціраюць з галавы, у той час як жанчыны памятаюць усё. Дык вось я памятаю, як у 1996 годзе, калі Лукашэнка перапісваў Канстытуцыю пад сябе, ён, прыклаўшы руку да грудзей, кляўся, што шырокія паўнамоцтвы яму патрэбны ЧАСОВА. Што ад судоў, ад парламенту, ад людзей ён адбірае паўнамоцтвы і правы не назаўсёды, а толькі на кароткі тэрмін. Пакуль будзе падымаць краіну з каленяў.

Гэта часовае зацягнулася на 24 гады. Дзеці выраслі. Краіну так і не падняў.

Але сёння Лукашэнка ўжо кажа, што не быць у Беларусі жанчыне прэзідэнткаю, паколькі наша Канстытуцыя напісаная «пад мужыка». Па-першае, лухта! Па-другое, вярні тое, што адабраў у 1996 годзе, і будзе ў нас нармальная Канстытуцыя! Па-трэцяе, у краіне, дзе Канстытуцыя напісаная «пад мужыка», немагчыма жыць. Проста немагчыма жыць!

Наталля Кісель: Спарынг-партнёр Аляксандра Рыгоравіча? Гэта высокая ацэнка!

Cвятлана Калінкіна belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў