Вынікі маніторынгу: «Беларуская незалежная і беларускамоўная культура – у маргінальным стане»


Сярод галоўных перашкодаў для развіцця беларускай культуры эксперты называюць палітычную ангажаванасць у дзяржаўных культурніцкіх праграмах, а таксама «наяўнасць магутнай непадкантрольнай экспансіі расейскай культуры».

Ці можа культура быць «нелаяльнаю»?

«Найбольш значным фактарам, што перашкаджае развіццю культурнай разнастайнасці, з’яўляецца падзел усёй сферы культуры на «лаяльную» і «незалежную», – гаворыцца ў Маніторынгу рэалізацыі Беларуссю Канвенцыі ЮНЭСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення. Даследаванне-маніторынг зладзіў Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.

Беларусь, падпісаўшы Канвенцыю ЮНЭСКА, абавязалася стварыць умовы для пераменаў у сферы культуры і кіравацца прынцыпамі Канвенцыі. А гэта магчыма толькі пры ўмове захавання правоў чалавека і асноўных свабодаў: свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі, магчымасць выбіраць формы культурнага самавыяўлення.

Аднак культурная палітыка Беларусі парушае прынцыпы Канвенцыі: чыноўнікі ствараюць «чорныя спісы» культурных дзеячаў, уводзяць забароны на адкрыццё выставаў ды іншых мерапрыемстваў.

У дакуменце гаворыцца, што для Беларусі характэрнае «ушчамленне беларускай культуры як культуры тытульнай нацыі. Яе развіццё наўпрост звязанае з палітычнаю нелаяльнасцю, што пераўтварае беларускую культуру ў маргінальную частку (у лепшым выпадку, субкультуру) культуры ў краіне, дзе найбольш прадстаўленыя савецкія і расейская культуры».

Цэнзура вяртаецца

«Сёння ў Беларусі няма культурнай палітыкі. Замест культурнай палітыкі ў нас – маркетынг і ідэалогія, – кажа Таццяна Вадалажская, старэйшы аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі, адна з аўтарак маніторынгу. – Узаемадзеянне з дзяржаваю ў сферы культуры зводзіцца да атрымання дазволаў, узгадненняў. Недзяржаўныя субекты, бізнес і грамадскія арганізацыі фактычна не гатовыя па сваім стане да таго, каб уключацца ў стратэгічнае мысленне, адваёўваць сваё месца».

Эксперты канстатуюць пашырэнне практыкі «забароны на прафесію» для выкладчыкаў і даследчыкаў; аднаўленне практыкі ўзгаднення тэкстаў песень, цэнзуры п’есаў перад тэатральнай пастаноўкай. У кінаіндустрыі – ідэалагічныя замовы, як, напрыклад, здымкі стужкі «Мы, браты». Пануе манапалізацыя сістэмы распаўсюджвання кніг і друкаванай прадукцыі.

Паводле маніторынгу, не рэпрэсаванымі пакуль застаюцца толькі экскурсійная дзейнасць і дзейнасць па папулярызацыі краязнаўства, гісторыі і фальклору. Адзінаю пляцоўкай для культурнай разнастайнасці ў Беларусі з’яўляецца Інтэрнэт.

Развіццё не «дзякуючы», а «насуперак»

Пазітыўных прыкладаў прасоўвання культурніцкіх ініцыятываў – адзінкі. Сярод іх эксперты адзначаюць фестывалі «Дзень вышыванкі» і «Снежань», а таксама публічныя курсы беларускай мовы.

Аўтары маніторынгу зазначаюць, што «такія ўмовы развіцця культуры не могуць лічыцца нармальнымі для еўрапейскай краіны, таму што развіццё адбываецца не «дзякуючы», а «насуперак».

На першай прэзентацыі вынікаў даследавання прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных структураў з Інстытуту культуры Беларусі. Таксама даклад незалежных экспертаў скіраваны да намесніка міністра культуры. Праўда, сваёй рэакцыі на дакумент ён не выказаў.

У якасці экспертаў у даследаванні прынялі ўдзел 23 асобы з недзяржаўнага сектара – прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, якія працуюць у сферы культуры, творчых саюзаў, найбольш буйных культурніцкіх ініцыятываў і праектаў. Сваю экспертную ацэнку таксама далі бізнесоўцы і культуролагі. Што да прадстаўнікоў дзяржаўных культурніцкіх устаноў, то яны адмовіліся ад удзелу ў даследаванні.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў