Незалежнасць ад «Газпрома». У Літвы можа атрымацца, а ў Беларусі?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/hI5Juu3mGAY”][vc_column_text]Літва рыхтуецца да больш таннай электрычнасці пасля ўводу новых электразлучэнняў са Швецыяй і Польшчай. Адначасова нашая суседка вядзе перамовы з «Газпромам» аб зніжэнні кошту на газ. Наколькі літоўскі досвед можа прыдацца да энергетычнай незалежнасці Беларусі? Карэспандэнт «Белсату» у Бруселі Алесь Сіліч гутарыць з экспертам Цэнтру Еўрапейскай палітыкі («The European Policy Centre») Марка Джулі.

– Наколькі сёння энергетычная, прынамсі газавая, незалежнасць Літвы ад Расеі магчымая?

– У Літвы ёсць магчымасці ды сродкі для атрымання звадкаванага прыроднага газу, здабытага ў іншых кропках свету, а не ў Расеі. І гэтага газу з лішкам будзе дастаткова, каб задаволіць штогадовыя энергетычныя патрэбы гэтай краіны. То бок у тэхнічным сэнсе гэта цалкам магчыма. Праблема ў тым, што імпарт звадкаванага газу з замежжа можа быць даражэйшы за імпарт звычайнага газу з Расеі ад «Газпрома». Асабліва ў выпадку, калі «Газпром» вырашыць знізіць свае кошты. А ён можа іх знізіць, калі ўбачыць, што Літва «ўплывае» са спісу яго кліентаў. І таму, на маю думку, пакуль што застаецца адкрытым пытанне пра тое, ці саскочыць Літва з расейскай «іголкі» і пяройдзе цалкам на звадкаваны газ з іншай краіны.

– І ў звязку з гэтым вельмі простае пытанне: а чаму Літва імкнецца да газавай незалежнасці ад Расеі ды ці варта краіне мець такую незалежнасць?

– Гэта пытанне датычыць энергетычнай бяспекі Літвы і пытанняў канкурэнтаздольнасці літоўскай эканомікі. З прычыны газавай манаполіі расейскага «Газпрома» Літве даводзілася аплочваць вельмі вялікія рахункі за імпарт «блакітнага паліва». Але дзякуючы канкурэнцыі, якая існуе на рынку пастаўшчыкоў газу ў свеце, гэтыя рахункі могуць быць зніжаныя. Што можа падвысіць канкурэнтаздольнасць літоўскіх тавараў і паслугаў на сусветным рынку. Не варта забываць і пра доўгатэрміновыя амбіцыі Літвы стаць своеасабліваю газавай перапамповачнай станцыяй у сваім рэгіёне, не толькі набываючы газ для ўласных патрэбаў з розных сусветных крыніцаў, але і займаючыся рээкспартам газу ў іншыя краіны Балтыі. На жаль, рынкі цяпер моцна фрагментарныя і часткова закрытыя. І таму вышэйназваныя амбіцыі Літвы могуць стаць рэальнасцю, але толькі ў будучыні ды пры ўмове, калі ў гэтай краіне пабудуюць неабходную для гэтага інфраструктуру і забяспечаць адпаведнае заканадаўчае падтрыманне.

– Ветравая энергія… Якія перспектывы яна мае, на Вашую думку?

– Літва, як я ўжо адзначыў, вельмі захопленая ідэяй стаць своеасаблівым балтыйскім газавым калектарам, перапамповачнай станцыяй у рэгіёне. І таму я не ўпэўнены ў тым, што там сурёзна разглядаюць магчымасці ўзнаўляльнай энергіі, адзін з відаў якой – энергія ветру. Вось, напрыклад, Эстонія, якая не вельмі, па-мойму, жадае інтэгравацца з іншымі краінамі Балтыі, значна больш актыўная ў бачанні перспектываў узнаўляльнай энергіі. І Эстонія не такая залежная ў газавым пытанні, чымся Літва, і сваю эканоміку яна намагаецца ад газава-нафтавых крыніцаў энергіі паступова пераключаць на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, у тым ліку ветравую. Ці далучыцца да такіх жа планаў Літва, пакуль не ясна.

– Суседняя з Літвою Беларусь таксама мае патрэбу ў энергетычнай незалежнасці. У якіх кірунках, на Вашую думку, трэба рухацца нашай краіне ў гэтым пытанні?

– Хоць Беларусь, яе эканоміка, цяпер вельмі моцна і залежаць ад расейскага газу, ніхто не стрымлівае вашую краіну далучацца да ідэяў і мэтаў, якія маюць цяпер у энергетычным пытанні шмат якія краіны-чальцы Еўрапейскага Звязу. У Беларусі заўсёды ёсць выбар зрабіць сваё энергетычнае «меню», калі можна так выказацца, сапраўды разнастайным. Вядома, нельга выключаць такую крыніцу энергіі для Беларусі, як, напрыклад, вугаль, які мог бы зрабіць краіну больш незалежнай. Але гэта – не тое рашэнне, якое я мог бы вам парэкамендаваць. Бо вугаль, найперш, гэта значна больш «брудная» крыніца энергіі, чым той жа газ. Найлепшаю альтэрнатывай вугалю і газу я бачу ўзнаўляльныя крыніцы энергіі.

– Біямаса… Не вельмі вядомае шмат каму слова. Ці мае будучыню гэты від энергіі?

– Біямаса яе апрацоўка – адзін з відаў аднаўляльнай энергіі, магчымасць выкарыстання рэсурсаў, якія раней проста недзе на сметнішчах хавалі, забруджваючы пры гэтым навакольнае асяроддзе. Канцэпцыя выкарыстання энергіі біямасы цалкам адпавядае агульнаеўрапейскай канцэпцыі «дэкарбанізацыі» кантыненту. Магчыма, гэта не самая танная крыніца энергіі, але цалкам мае права на існаванне. І дзякуючы сучасным тэхналогіям можа стаць больш прывабнай.

– За Вамі гледачы могуць убачыць шмат ровараў… Ці можа «раварызацыя» краіны паўплываць на яе энергетычную незалежнасць?

– Мы ў нашыя часы, на жаль, маем справу з рэальнасцю, калі большасць транспарту, які выкарыстоўваюць людзі для свайго руху, мае патрэбу ў нафтапрадуктах. Як бачыце, у Бруселі гэта вялікая праблема, аўтамабіляў зашмат… У той жа самы час, мушу прызнаць, што ровар далёка не заўсёды можа адэкватна замяніць іншыя сродкі транспарту – і прыватнага і камерцыйнага. Але ў любым выпадку: усё, што дазваляе паменшыць спажыванне нафты, падвышае ўзровень энергетычнай незалежнасці любой краіны.

Алесь Сіліч, belsat.eu[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў