Незалежнага журналіста пакаралі штрафам у больш як 7 млн ды выклікаюць у суд ізноў


Незалежнага журналіста з Гомля Кастуся Жукоўскага суд Калінкавіцкага раёну пакараў штрафам у Br 7 млн 350 тыс. (35 базавых велічыняў) за відэа, якое паказаў «Белсат».

Журналіста-фрылансера абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе медыйнай прадукцыі (ч. 2 ст. 22.9 Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў), фактычна – у працы для замежных медыяў без акрэдытацыі.

Падставай для завядзення справы стаў тэлесюжэт пра збіццё калінкавіцкімі футбольнымі заўзятарамі маладзёна з Жыткавічаў, які выйшаў у эфір незалежнага тэлебачання «Белсат».

Спадар Кастусь не змог прыбыць у Калінкавіцкі суд 14-га студзеня, бо толькі напярэдадні вечарам атрымаў смс-паведамленне пра працэс. Суддзя Людміла Савасцянава без прысутнасці журналіста вынесла вырак: пакараць фрылансера штрафам у Br 7 млн 350 тыс (35 базавых велічыняў). Пастанову суда Канстанцін Жукоўскі атрымаў 18-га студзеня па пошце.

«Вырак чаканы – улады давялі краіну да банкруцтва і спрабуюць адцягнуць агонію, а я з калегамі (ды і ўвесь «Белсат») паказваем тое, што ёсць па праўдзе, а не тое, што хочуць пачуць улады», – адзначыў журналіст-фрылансер.

Спадар Кастусь збіраецца абскарджваць пастанову суда ў ААН.

Раней для складання пратаколу журналіста выклікалі ў пастарунак святам – на Каляды.

20-га студзеня журналіста выклікаюць на чарговы суд у Карму. Спадара Кастуся зноў вінавацяць у незаконным вырабе медыйнай прадукцыі (ч. 2 ст. 22.9 Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў). Фрылансер зняў відэа, як людзі праз пашкоджаны водаправод цягам доўгага часу заставаліся без вады.

Пратакол на журналіста паводле таго ж артыкулу склалі таксама міліцыянты з Веткі.

Летась Кастуся Жукоўскага судзілі за ягоную прафесійную дзейнасць 6 разоў, агульны памер штрафаў для яго склаў – Br 31,5 млн.

Сёлета суд за нібыта незаконны выраб медыйнай прадукцыі пакараў штрафам у Br 4 млн 620 тыс. (22 базавыя велічыні) гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў