Незалежнага журналіста Алеся Леўчука аштрафавалі на Br 9 млн без ніводнага доказу вінаватасці


Суд Ленінскага раёну Берасця прызнаў 2-га ліпеня незалежнаму журналісту Алесю Леўчуку максімальнае пакаранне за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» (частка 2 артыкулу 22.9 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў).

У суда і міліцыі не было ніводнага доказу, што журналіст размясціў на сайце тэлеканалу «Белсат» інтэрвю з футбалістам Раманам Васілюком.

Больш за тое, суду Ляўчук падаў неабходныя доказы таго, што інтэрвю з капітанам футбольнага берасцейскага клубу «Дынама» ён рабіў для інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, якое мае акрэдытацыю ў Беларусі.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Суддзя Алег Міранюк, не гледзячы на ўсе доказы невінаватасці спадара Леўчука, прысудзім яму штраф у памеры 9 млн рублёў.

«Для мяне відавочна, што рашэнне датычна мяне прымалася не ў судзе Ленінскага раёну, а ў КДБ, – сказаў у размове з Belsat.eu Алесь Ляўчук. – А зроблена гэта рукамі дзвюх пешак у гэтай гульні – суддзі Алега Міранюка і старшага лейтэнанта міліцыі Барыса Дзмітрука».

«У чарговы раз даказана, што не мае значэння любая абарона. У Беларусі няма судоў. Сёння мяне фактычна судзілі за працу на акрэдытаванае ў Беларусі СМІ. Паўтары гадзіны суддзя вырашаў: якія довады прывесці ў пастанове суда, каб гэта не выглядала адкрыта па-ідыёцкаму ды смешна, але ўсё роўна не выйшла. У прыватнасці подпіс матэрыялу на сайце »Белсату« быў пазначаны С.А. І суддзя вырашыў, што гэтыя літары майго імя і імя па-бацьку, напісаныя наадварот з мэтай увесці ў зман суд. Феерычны ідыятызм!» – адзначыў Алесь Ляўчук.

Раней Алеся Ляўчука ўжо пераследавалі за супрацу з «Белсатам». Упершыню суд адбыўся ў снежні 2014-га года. Тады паседжанне адбылося са шматлікімі парушэннямі. Суддзя Ларыса Назарэнка аштрафавала журналіста на Br 6 млн.

У сакавіку 2015-га суддзя Раман Карабан аштрафаваў Алеся Леўчука за супрацу з «Белсатам» амаль на Br 4 млн. Агулам журналісту прысудзілі штрафаў на суму $ 1250. Пры гэтым Леўчука чакае і яшчэ адзін суд – за матэрыял пра рэлігійны канфлікт у аграгарадку Белавежскі.

Цягам 2015-га года незалежных журналістаў у Беларусі аштрафавалі за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» на суму Br 117,18 млн.

ЯЛ, belsat.eu

Стужка навінаў