Беларусь пазбегла новых санкцыяў ЕЗ – магчыма, дзякуючы Украіне


Кіеў папрасіў ЕЗ не ўлучаць Беларусь у апошнія санкцыйныя пакеты разам з Расеяй. Пра гэта ў сваім Twitter напісаў брусельскі карэспандэнт радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк.

Сцягі Украіны і Еўразвязу.
Фота: ua.news

Журналіст Рыкард Юзьвяк паведаміў, што афіцыйны Менск пазбег новых санкцыяў дзякуючы Кіеву.

«Адна з прычынаў, чаму Беларусь не трапіла пад санкцыі разам з Расеяй у апошнія санкцыйныя пакеты ЕЗ, у тым, што Украіна папрасіла не ўлучаць Менск», – напісаў Юзьвяк у Twitter.

Пры гэтым 10 студзеня старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што ЕЗ увядзе супраць Беларусі новыя санкцыі за падтрыманне расейскага ўварвання ва Украіну.

«Мы будзем працягваць ціснуць на Крэмль столькі часу, колькі спатрэбіцца, з жорсткім рэжымам санкцыяў. Мы распаўсюдзім гэтыя санкцыі на тых, хто падтрымлівае вайну Расеі: Беларусь ды Іран», – сказала дэр Ляен на прэс-канферэнцыі.

На публікацыю Юзьвяка адрэагавалі ў Кіеве. Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны і кіраўнік парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка. У сваім Telegram-канале ён напісаў, што, калі лабіяванне Кіева – праўда, то гэта азначае «гульню з Лукашэнкам».

«Кшталту мы дапаможам Лукашэнку, і тады яны не нападуць на нас з поўначы. Але калі Пуцін захоча, то Беларусь уступіць у вайну. Ніякі Лукашэнка гэтаму не перашкодзіць», – мяркуе Ганчарэнка.

Журналіст, колішні дэпутат Рады Ігар Масійчук заявіў, што ў выпадку новага нападу з тэрыторыі Беларусі кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак «мусіць застрэліцца».

«Гэтыя заігрыванні нашага Офісу з крывавым дыктатарам Лукашэнкам трываюць не адзін год», – напісаў Масійчук у сваім Facebook.

Апошні на сёння пакет рэстрыкцыяў супраць Масквы Еўразвяз ухваліў у снежні. У спісе, як паведамлялася, абмежаванні на інвестыцыі ў расейскую здабывальную прамысловасць, шэраг новых абмежаванняў у дачыненні кампаніяў і фізічных асобаў, кантроль за экспартам у Расею хімічных, паралітычных рэчываў, электронікі і ІТ-кампанентаў, якія могуць выкарыстоўвацца расейскімі вайскоўцамі.

Разбор
Супраць Расеі ўвялі новы пакет санкцыяў. Але чаму ён не закрануў Беларусі?
2022.12.19 15:24

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў