Невядомыя падпалілі лецішча акадэміку Аляксандру Мрочаку


На лецішчы былога кіраўніка Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялогія» Аляксандра Мрочака здарыўся пажар. Згарэлі частка дома, падвал, лазня і альтанка. Падпальшчыкі пакінулі для акадэміка ляльку з акрываўленымі вачыма, прышпіленую да крэсла скальпелем, і цыдулку з пагрозамі.

Пра пажар на лецішчы Мрочаку паведаміў сусед. Невядомыя падпалілі лецішча ў трох месцах. Згарэла альтанка, а таксама падвал у доме і верхні паверх. У каментары «Белсату» доктар адзначыў, што раней яму ніхто не пагражаў. Толькі сябры «рэкамендавалі» «не так рэзка выказвацца».

«У мяне не было ніколі ніякіх пагрозаў і ніколі не было ніякіх праблемаў з пацыентамі і з іншымі людзьмі. У цыдулцы змест пагрозы зводзіўся да таго, што я павінен пакаяцца за тое, што прадаваў кардыёстымулятары, якія былі ва ўжытку. Але мне здаецца, што чалавек, які пісаў [пагрозу. – Заўвага belsat.eu] трошкі далёкі ад медыцыны.

Медпрацаўнік ведае, што гэта немагчыма зрабіць. Кардыёстымулятары сёння хаваюць з чалавекам, і немагчыма іх дастаць і паставіць іншаму. Таму я думаю, што гэта не пацыент, не чалавек, які мае дачыненне да медыцыны, а нейкія іншыя людзі, якія вырашылі мне за штосьці адпомсціць».

Фота: перададзена ў рэдакцыю TUT.by сям’ёй Аляксандра Мрочака
Фота: перададзена ў рэдакцыю TUT.by сям’ёй Аляксандра Мрочака
Фота: перададзена ў рэдакцыю TUT.by сям’ёй Аляксандра Мрочака

Цяпер на лецішчы працуюць следчыя, апісваюць маёмасць. Паводле яго, для працаўнікоў СК і МНС зразумела, што здарыўся падпал. Самога доктара пакуль не апытвалі.

«Такога кшталту пагроза, як цяпер, калі паклалі ляльку, прабітую скальпелем, з крывавымі вачыма, выклікае шокавы стан», – адзначыў Аляксандр Мрочак.

Аляксандр Мрочак – кардыёлаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медычных навук, прафесар. РНПЦ «Кардыялогія» кіраваў з 2008 года. У жніўні Міністэрства аховы здароўя звольніла Аляксандра Мрочака з пасады. В. а. міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч сказаў, што «задачы, якія стаяць перад Міністэрствам аховы здароўя, патрабуюць асаблівых кіраўнікоў», таму кадры і мяняюць. Мрочак асуджаў гвалт з боку сілавікоў і не забараняў сваім падначаленым у непрацоўны час выходзіць на пікеты.

belsat.eu

Стужка навінаў