Невядомы звер тэрарызуе Слонімшчыну – выкрадае сабакаў і разрывае на кавалкі (Асцярожна, фота!)


У асноўным звер забівае сабак, прывязааных на ланцугах. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Больш за дзясятак сабакаў з вёсак пад Слонімам сталіся ахвярамі невядомага драпежніка, які разрывае жывёлінаў і пакідае толькі галаву з лапамі.

«Тыдзень таму ў мяне сабака знік», – гаворыць спадарыня Зоя гандлярцы, купляючы хлеб у мясцовай краме вёскі Дзераўная. Паміж жанчынамі завязваецца размова, якая хвалюе мясцовых ужо некалькі тыдняў.

Спадарыня Зоя распавядае, як тыдзень таму ў яе сабака таксама знік. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

– Мой сабака быў стары. Ляжаў, скуголіў увесь час. Я яго адпусціла. Ён звычайна каля хлява пабегае, а потым у буду ляжа. Я тады вазьму, паціху прывяжу яго зноў да ланцуга, пакуль ён не чуе. Як толькі на ланцуг навяжу, зноў скуголіць, ажно плача. Ізноў адпушчу. І вось цалкам знік.

– Але што ж такое можа быць? Некаторыя кажуць, што гэта не жывёла хутчэй за ўсё, а чалавек. Але ж каму гэта трэба? Бо толькі галаву і ногі пакідае. Аблаву трэба рабіць. Учора нібыта каля 9-й увечары стралялі.

– Дык гэта ж, мусіць, качак. Кажуць, што воўк гэта, ці ваўчыца ашчанілася. Страшна вечарам з хаты выйсці. А дзеці ж гуляюць. Адкуль яно ўзялося? З’яўляецца і знікае. На ферме тры цялушкі зарэзаў. Рэбры так былі з’едзеныя, нібыта балгаркай парэзаныя.З гэтага і пачалося. Ён есці ходзіць. А вось бачыць – ніхто не бачыў. Дый сабакі скуголяць немагчыма. Выйдзеш на вуліцу паглядзець і ўжо нікога няма. А сабакі разрываюцца. Нешта адчуваюць, а што, хто яго ведае.

«Пушок, разарваны на палову»

Фотаздымак Валерыя Гульніка, сабаку якога звер забіў тыдзень таму, пакінуўшы палову тушы. У распараджэнні рэдакцыі ёсць арыгінал фота без рэтушы

Паляваць на хатніх сабак, прывязаных да ланцуга, звер пачаў у першых днях жніўня. Толькі ў вёсцы Дзераўная за гэты час драпежнік разарваў чатыры сабакі.

«Каля тыдня таму а пятай раніцы я прачнуўся свіней ды кароў карміць. Выходжу з хаты, а сабакі ўжо няма. Толькі ў агародзе галава, лапы ды кішкі валяюцца. Думаю, што воўк», – кажа Сяргей Шахно з вуліцы Школьнай.

Жыхары Дзераўной баяцца выпускаць дзяцей на вуліцу. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Сляды драпежніка, знойдзеныя каля забітай сабакі. Фотаздымак Валерыя Гульніка, жыхара Дзераўной

Чарговы выпадак здарыўся пазаўчора ў спадарыні Таісы, якая жыве па вуліцы Вуглавой. Уначы яны пачулі нейкае дзіўнае рыканне і выбеглі на вуліцу. Запалілі святло, але нікога ўжо не было.

Сабаку Валерыя Гульніка звер разарваў каля тыдня таму. Мужчына зрабіў некалькі фотаздымкаў перад тым, як закапаць забітую жывёліну. Пушок, які шмат гадоў ахоўваў хату гаспадара, быў разарваны напалову.

«Мы нават буду спалілі»

Паводле мясцовых жыхароў, драпежнік прыходзіць з лесу. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Вёска Дзераўная не адзіная, дзе палюе невядомы драпежнік. Некалькі падобных выпадкаў ужо было ў Харашэвічах і Дуброўшчыне. Яшчэ чатыры сабакі загінулі ў вёсцы Загрыцькава. Прыехаўшы ў гэтую вёску, адразу крыху стала не па сабе ад ненатуральнай цішыні. У вёсцы ўвогуле не чуваць брэху сабак.

Тыдзень назад сабачку спадарыні Валянціны, звер уцягуў у лес. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Я вельмі балюча пераношу ўсё гэта. Мы нават буду спалілі. 15 жніўня я раніцай выйшла на падворак, дзе сабака быў прывязаны. Застаўся толькі ланцуг з аброжкам, а побач галава і лапка валяліся. Слядоў не было, бо гэта на траве. Гэта вельмі разумны сабака быў. Бывае, дасі паесці, дык бяжыць і лапкамі абдымае, нібыта дзякуе. Лордам клікалі», – распавядае спадарыня Алена.

Яшчэ аднаго сабаку звер уцягнуў у лес з падворка суседкі, якая жыве цераз адну хату.

«Тыдзень назад кот знік. Стары ўжо быў, а сабаку воўк забраў. Булікам я яго называла. Харошы сабачка быў. Сляды толькі былі на пяску. Замыла ўжо. Трактарыст з Дзераўной прыязджаў, то мне маленькага шчанюка прывёз. А так кажа, што ў іншых вёсках тое самае», – кажа спадарыня Валянціна.

«Кіпцюры, як скальпель»

На калгаснай ферме, дзе працуе спадар Іван, драпежнік забіў ужо трох цялят. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У суседняй вёсцы Малышэвічы мы сустрэліся з вартаўніком фермы, дзе звер загрыз трох цялятаў.

«Вылічылі з заробку 60 рублёў за гэтае цяля. Я што сам яго пагрыз? Прыехалі з канторы, сказалі, што гэта народная змова, народ сам прыдумаў помсціць. А выгрызена было знутры, усярэдзіне. Галаву не чапаў. А на наступны дзень мой напарнік дзяжурыў, дык толькі паспеў святло ўключыць і ўжо два цяляці ляжала з жыватамі паразрыванымі. Гэта недзе а 4-й раніцы было. Гукаў ніякіх. У мяне ж тры фермы, а я ў ізаляваным памяшканні. Раз на гадзіну агляд раблю. Раней дык хоць калаш быў, а зараз з віламі хаджу. Адзіная абарона», – распавядае Іван Колас.

Ферма, дзе звер забіў трох цялят. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Іван Сямёнавіч аказаўся былым вайскоўцам. Шмат гадоў ён служыў на Далёкім Усходзе, дзе не раз хадзіў на паляванне. Па прыкметах забойстваў сабак і цялят, ён мяркуе, што гэта рысь.

Жыхары Дзераўной на ноч закрываюць сваіх сабак у хатах або саджаюць за агароджы, каб уначы іх не дастаў драпежнік. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Рысь зубамі ніколі не бярэ, яна разрывае лапай, забівае. У нас на Далёкім Усходзе казалі на яе «падучка», таму што яна, калі атакуе, то зверху падае. У яе скачок на 15 метраў. Разрывае найперш заўсёды жывот, самае балючае месца. Кіпцюры, як скальпель. А потым выгрызае, што ёй трэба. Калі б гэта ваўчыца, то яна будзе есці на месцы. Яна ніколі не пакіне ні пярэднюю, ні заднюю частку. А ў гэтай відаць, малыя ёсць, бо яна забірае тушу. А калі ўносіць, то, значыцца, кагосьці карміць. Калі яна пайшла па населеных пунктах – гэта вельмі агрэсіўная жывёла, якая ходзіць бясшумна. Гэта, відаць, старая асобіна, якая не можа ў лесе здабыць сабе корм, не ў сілах дагнаць тую казу ці зайца. А тут сабакі прывязаныя, нікуды не ўцякуць. Але калісьці сабакі скончацца. І як толькі яна паспрабуе чалавечыну – будзе вялікая непрыемнасць. А ўлады захадаў ніякіх не прымаюць. Прыязджалі з тэлебачаннем, шуміху паднялі, а выніку ніякага», – кажа спадар Іван.

Версію таго, што гэта можа быць рысь, пацвярджае Віталь Гуменны, намеснік дырэктара Гарадзенскага заапарку.

«Рысь сапраўды нападае зазвычай зверху. Але на адкрытыя прасторы выходзіць вельмі рэдка. Хоць дзікія жывёлы таксама прыстасоўваюцца. І калі яна забірае тушу з сабой, то ёсць рысяняты. Воўк звычайна пакідае больш касцей. Мядзведзя цяжка не заўважыць. А калі паўсюдна застаюцца галава і лапы, то звер, хутчэй за ўсё, адмыслова іх адрывае, каб зняць тушу з ланцуга або каб лягчэй было потым цягнуць.

Думаю, што наўрад ці рысь будзе нападаць на чалавека. Чалавек у прынцыпе не з’яўляецца для яе ежай. Нават ваўкі толькі зімою могуць нападаць. Пры тым толькі ў зграі і калі чалавек адзін. У рысі добра заўважныя сляды, таму трэба глядзець на зямлю», – кажа спадар Віталь.

«Белая з пучкамі на вушах і блакітнымі вачыма»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Аляксандр Яфімік з вёскі Дзераўная кажа, што бачыў невядомага звера-забойцу ў лясах, якія па-мясцоваму называюцца Шырокія.

«Хочаш вер, хочаш не вер, але я яе бачыў у лесе, калі па грыбы хадзіў. Як рысь, толькі белая. Пыса ката. А вочы сінія-сінія. Недзе 60-70 см у даўжыню, а вышыня недзе мне па пояс. Стаяла каля 150 метраў ад мяне. Я тармазнуў, не мог з месца зрушыцца. Рукамі не махаў, проста пачаў гаварыць, каб пайшла адсюль. Я цябе не чапаю, і ты мяне не чапай. А кіраўнік сельсавету мне не паверыў», – кажа спадар Аляксандр.

Аляксандр Яфімік, таксама як і Іван Колас, адзначае, што ні разу не бачыў, каб праводзілася паляванне на звера-забойцу. Хоць пра аблавы і начныя дзяжурствы пісалася ў розных СМІ і гаварылася па тэлебачанні. Як паведаміў паляўніцтвазнавец са Слоніма, спадар Аляксей, на звера былі ўсталяваныя фотапасткі. Тым не менш драпежнік дагэтуль на свабодзе і працягвае забіваць мясцовых сабак.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары