Невінаваты, які адсядзеў 18 гадоў у турме, атрымаў грашовую дапамогу


Прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі прызначыў грашовую дапамогу Томашу Камэндзе, які адсядзеў 18 гадоў за злачынства, якога не здзяйсняў.

«Нічога не заменіць Томашу Камэндзе тых пакутаў, якія зазнаў праз неправамернае асуджэнне і знаходжанне ў турме. Але справядлівая дзяржава павінна дзейнічаць і мусіць аказаць яму дапамогу. Таму я прыняў рашэнне прызначыць Томашу спецыяльную грашовую дапамогу да таго моманту, як суд не налічыць яму кампенсацыю», – паведаміў у сваім twitter-акаўнце Матэуш Маравецкі.

Забойства дзяўчынкі

31 снежня 1996 года у горадзе Мілашыцы, што пад Уроцлавам, было знайдзена цела пятнаццацігадовай дзяўчынкі. На яе целе былі зафіксаваныя прыкметы гвалту. Была распачатая крымінальная справа, у межах якой быў затрыманы Томаш Камэнда. Нягледзячы на тое, што ў следства не было канкрэтных доказаў, тады яшчэ 23-гадовы хлопец атрымаў 25 гадоў турмы.

Страшная памылка

У чэрвені 2017 году польская пракуратура паведаміла, што па справе забойства дзяўчынкі арыштаваны іншы чалавек, якому прадстаўлена абвінавачванне. 14 сакавіка 2018 году суд апраўдаў Томаша Камэнду, які на той час ужо адседзеў 18 гадоў з 25 прызначаных. Цяпер суд будзе вырашаць, якую кампенсацыю за страчаныя гады атрымае Камэнда. Да рашэння суда Томаш Камэнда кожны месяц будзе атрымліваць 4 тысячы злотых (каля 1200 долараў).

ГА, belsat.eu, фота: Krzysztof Zatycki / FORUM

 

Стужка навінаў