Невідушчы вясковец пілуе дровы, кіруе мотаблокам і спадзяецца пабачыць сваіх дзяцей


Жыхар вёскі Саўцавічы, што ў Баранавіцкім раёне на Берасцейшчыне, у выніку няшчаснага выпадку страціў зрок. Але мужчына не склаў рук, а працягвае жыць паўнавартасным жыццём. Нягледзячы на траўму, Анатоль Ганько самастойна робіць амаль усю хатнюю працу, трымае гаспадарку і спадзяецца, што неўзабаве пабачыць сваю старэйшую дачку, якая ўжо вырасла, і свайго малодшага сына, які нарадзіўся пасля траўмы.

Анатоль Ганько, невідушчы вясковец з Баранавіцкага раёну.
Фота: Белсат

Анатоль Ганько, 38-гадовы грамадзянін Украіны, ужо амаль 20 гадоў жыве ў Беларусі. Мужчына прыязджаў на заробкі ў Баранавіцкі раён. А потым сустрэў дзяўчыну, з якой пабраўся шлюбам і застаўся ў Беларусі. Цяпер у Анатоля двое дзетак: дачка і сын. Але бацька не бачыць, як выглядаюць ягоныя дзеці.

«Я працаваў трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. Аднойчы мы збіралі салому, і раптоўна загарэўся камбайн, пачалі тушыць, я схапіў вогнетушыцель. Але той выбухнуў у маіх руках, проста мне ў твар. У выніку страціў зрок. Бачу толькі святло», – кажа Анатоль Ганько.

Дактары ў Баранавічах зрабілі некалькі аперацыяў, чысцілі вочы. У выніку Анатоль атрымаў першую групу інваліднасці. Але Анатоль не склаў рук і не скарыўся лёсу. Мужчына паехаў да медыкаў ва Украіну, у Адэсу. Тут афтальмолагі параілі яму паставіць керапратэзы, дзякуючы якім ён зноў зможа бачыць.

Анатоль Ганько, невідушчы вясковец з Баранавіцкага раёну.
Фота: Белсат

10 гадоў без зроку, але самастойна вядзе гаспадарку

Але сам працэс падрыхтоўкі да аперацыі зацягнуўся. За гэты час (а няшчасны выпадак адбыўся ўжо амаль дзесяць гадоў таму) жыхар Саўцавічаў адаптаваўся і вядзе звычайны для вяскоўца лад жыцця: трымае гаспадарку, нарыхтоўвае дровы і нават пачаў засвойваць камп’ютар.

«Я прызвычаіўся да таго, што не бачу. Спачатку даводзілася прасіць людзей дапамагаць, а потым папрасіў дапамагчы сваю жонку. Яна падказала, дапамагла, потым і сам пачаў навобмацак рабіць свае справы. Зразумела, што не бачу, але жонка падказвае, дзе што ляжыць, у які бок мушу павярнуцца», – кажа Анатоль.

Анатоль Ганько, невідушчы вясковец сам працуе з бензапілой у лесе.
Фота: Белсат

Анатоль Ганько самастойна можа пайсці ў аўталаўку, каб набыць прадуктаў. Мала таго, мужчына сам ездзіць на матаблоку. Жонка падказвае, куды кіраваць. Нядаўна знаёмыя дапамаглі Анатолю з праграмай, якая дапамагае засвойваць камп’ютар. Цяпер вясковец можа самастойна адшукаць патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце.

Анатоль Ганько, невідушчы вясковец з Баранавіцкага раёну вучыцца працаваць за кампутарам.
Фота: Белсат

Гэтак жа засвоіў мабільны тэлефон і не мусіць прасіць дапамогі, каб патэлефанаваць на патрэбны нумар.

«Я падпісаў нумары па чарзе і дакладна ведаю, хто запісаны па парадку. Нумары запісаныя ў памяці тэлефона – проста націскаю і адлічваю, пакуль не будзе патрэбны нумар», – распавядае Анатоль.

«Ён мне сказаў, што ён мужчына і мусіць рабіць справу»

Анатолева жонка Людміла лічыць, што Анатоль сапраўдны мужчына. Нягледзячы ні на што, яе муж не жадае змірыцца з складанасцямі ды перашкодамі і заўсёды ёй дапамагае.

«Небяспечна, канечне, я бачу, што цяжка, але ён малайчына. Ён мне адразу ж даў зразумець, каб я не пераймалася. Ён мне сказаў, што ён мужчына і мусіць рабіць справу. І сапраўды, робіць», – кажа Людміла.

Анатль Ганько з жонкай Людмілай і дачкой Вікай.
Фота: Белсат

Немалым выпрабаваннем для сям’і стала тое, што праз некалькі гадоў пасля трагедыі ў Анатоля і Людмілы нарадзіўся сын.

«Спачатку мне было нават страшна. Ён жа не бачыць. Таму ў мяне была такая думка: а як жа мы будзем? Але паразмаўлялі з мужам, паразважалі. І ведаеце, гэта было правільна, бо ў Анатоля з’явіўся яшчэ адзін стымул вярнуць зрок, вярнуць сваё здароўе. Цяпер вось бегае па доме будучы маленькі памочнік для бацькі», – усміхаецца Людміла.

Адзіная мара – убачыць дзяцей

Анатоль Ганько з дачкой Вікай і сынам Арцёмам.
Фота: Белсат

Дактары кажуць, што шанец вярнуць зрок Анатоль мае. Іншая рэч, што аперацыя каштуе нятанна, а па-другое, неабходна прайсці курс лячэння і падрыхтоўкі да аперацыі. Кошт аднаго керапратэзу – каля 300 долараў. Да гэтага яшчэ патрэбная аперацыя, рэабілітацыя. Толькі аперацыя каштуе 500 долараў адзін пратэз. Потым лекі да гэтага.

«Я ўжо нават заблытаўся, колькі было аперацыяў. Мне памянялі рагавіцу, нашывалі слізістую абалонку на вочы, дзеля гэтага здымалі ўчасткі скуры з вуснаў. Доўга змагаліся з ціскам у вачах. На левым воку ў мяне пастаўлены клапан Агмеда. Але нібыта падрыхтоўка неўзабаве завершыцца. Што да грошай – то неабходную суму, а гэта каля 2000 долараў, я ўжо сабраў», – апавядае Анатоль.

Малодшаму сыну Арцёму ўжо 5 гадоў. Старэйшая дачка Віка неўзабаве закончыць школу. Антоль і Людміла мараць, каб бацька змог завесці свайго сына ў першы клас, а з дачкой змог патанчыць на выпускным і пабачыць, якая яна прыгажуня.

СК belsat.eu

Стужка навінаў