Улады самі паказалі слабое месца сістэмы фальсіфікацыі


Арганізаванне маштабных і амаль афіцыйных фальсіфікацыяў выбараў у Беларусі працуе ўжо больш за 20 гадоў – нават сам Аляксандр Лукашэнка прызнаваўся на камеру, што мяняў афіцыйныя лічбы, каб атрымаць выгадны вынік.

Вядома, што на беларускіх выбарах камісіі фарміруюцца амаль на 99 % з залежных ад уладаў «правераных кадраў», незалежныя назіральнікі не могуць кантраляваць працэс падліку галасоў, дый выглядае на тое, што самі галасы ніхто не лічыць. «Намалююць» любы вынік, які патрэбны ўладам.

І трымаецца гэтая схема нават не на куплі лаяльнасці – пра гэта ўчора ўскосна сказаў сам часовы лідар Беларусі: «яны працуюць, іх папрасілі, яны ж нават грошаў не атрымліваюць». Канешне, нейкія бонусы гандаль сумленнем дае, але галоўным чыннікам з’яўляюцца не яны.

Сістэма трымаецца на банальным страху ніжэйшага і сярэдняга ўзроўню фальсіфікатараў згубіць працу, паламаць сабе ці сваім блізкім вучобу ці карʼеру, нават страху проста не апраўдаць давер свайго начальства. Менавіта таму амаль заўсёды ніжэйшы ўзровень фальсіфікатараў набіраецца з дробных дзяржаўных служачых ці супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў.

Яны баяцца святла тэлекамераў, яны не хочуць казаць праўду, бо баяцца наступстваў, яны самі сябе паступова пераконваюць у тым, што яны ахвяруюць сваім сумленнем і ідуць на хлусню дзеля дабра дзяржавы і народа. Бо не камфортна разумець, што зрабіў злачынства і падмануў людзей, сваіх суседзяў і родных, а свядомасць патрабуе зручнай карціны свету.

Даволі доўга гэтых людзей ратавала іхная ўласная шэрасць і спадчына старой даінтэрнетнай сістэмы распаўсюджвання інфармацыі. Але часы паступова мяняюцца, інтэрнэт і сацыяльныя сеткі паступова робяць Беларусь больш празрыстай.

ВІДЭА
Назіральнік злавіў дзяўчыну, якая спрабавала ўкінуць пачку бюлетэняў на выбарчым участку
2019.11.13 15:14

Бунт простых людзей супраць шэрых людзей

І вось падʼезд у Магілёве аблеплены ўлёткамі ў гонар старшыні мясцовай выбарчай камісіі №32 Марыны Зубарэнкі.

«Калі сустрэнеце яе, то скажыце, што фальсіфікацыя на выбарах – крымінальна каранае злачынства!» – вось аўтары ўлёткі абсалютна законна заклікаюць падвысіць узровень адукацыі дырэктара школы №12.

Hавiны
Старшыня выбарчай камісіі ў Магілёве і кандыдат у дэпутаты Марзалюк скардзяцца на «польскі тэлеканал»
2019.11.17 09:39

«Я дома з таго дня не начую – баюся. Хаджу зараз з аховай», – кажа Марына Зубарэнка. Менавіта яна замінала журналістам «Белсату» працаваць на сустрэчы праўладнага кандыдата Ігара Марзалюка.

«Такіх правакацыяў з пераходам на асобы ў выбарчых кампаніях ніколі не было», – распавяла БелТА намеснік Зубарэнкі Вольга Папова.

На выпадак рэзка адрэагаваў сам Аляксандр Лукашэнка:

«Я сказаў спецслужбам і міліцыі, каб яны жорстка спынялі падобныя выпадкі… Вы разумееце, пра што я кажу? Вы ведаеце, як гэта ўмеюць міліцыянеры рабіць… Вось сядзяць сябры камісіі, у чым яны вінаватыя? А вы іх пачынаеце пераследаваць. Мне прасцей. На мяне ліюць бруд, а я сяджу ў лесе за плотам. А яна ходзіць па вуліцах».

Hавiны
Лукашэнка паабяцаў «адкруціць галовы» тым, хто чыніць «правакацыі і скандалы» на ўчастках
2019.11.17 14:08

Адначасова выказалася і кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына:

«Мы ў любым выпадку не дазволім, каб нашыя ўчастковыя камісіі крыўдзілі і крыўдзілі нашых выбарнікаў».

Канешне, выбарнікі ў гэтым выказванні для мэблі, галоўнае – захаваць сваю манаполію на запалохванне сябраў участковых камісіяў. Бо, па меркаванні ўладнай групоўкі, толькі адна сіла мае права нараджаць страх у свядомасці сяброў участковых камісіяў. І гэтая сіла – не сумленне, і не Крымінальны Кодэкс Рэспублікі Беларусь.

Hавiны
Ярмошына заявіла, што не дазволіць здзекавацца над выбарчымі камісіямі
2019.11.17 10:45

Страх перад начальнікам ці страх Божы?

Разбурэнне манаполіі на страх – смяротна небяспечна для сучаснай сістэмы фальсіфікацыі. Нават калі запалохванню «наступствамі» з боку начальніка невядомыя супрацьстаўляюць толькі напамін пра адказнасць па дзеючым беларускім заканадаўстве.

Канешне, пакуль магілёўскі інцыдэнт амаль адзінкавы, але вострая рэакцыя ўладаў сведчыць, наколькі балючым для іх можа быць новы свет, у якім супрацоўнік выбарчай камісіі раптам зразумее, што сапраўды нехта можа адсядзецца ў лесе за плотам, а вось кожнага супрацоўніка выбарчай камісіі за высокі плот не схаваеш.

Фальсіфікаваць выбар людзей у атмасферы масавай народнай пагарды да цябе асабіста – трэба быць даволі моцным чалавекам. А моцныя людзі на пасадах, куды спецыяльна набіраюць баязлівых шэранькіх людзей, уладзе непатрэбныя.

Зрэшты, ёсць і іншая адказнасць, ад якой дакладна ўхіліцца не атрымаецца.

Дзіўным чынам так супала, што менавіта ў гэтую нядзелю ў касцёлах чыталі старазапаветнае: «Вось прыйдзе дзень, палаючы быццам печ. Тады ўсе ганарлівыя і бязбожныя стануць як салома, і спаліць іх надыходзячы дзень, – кажа Пан Магуццяў. – Так што не пакіне ў іх ні карэння, ні галля. А для вас, хто баіцца імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў Ягоных промнях».

Варта правільна выбіраць, Каго баяцца. І гэта ўжо датычыцца не толькі сябраў выбарчых камісіяў.

Belsat.eu

Стужка навінаў