«Непрыемна, што мы істотна скарачаемся». Сацыёлаг распавяла, ці можна давяраць вынікам перапісу

Нацыянальны статыстычны камітэт абвесціў папярэднія вынікі перапісу 2019 года. Але ў сацыяльных сетках шмат хто ўжо ставіць іх пад сумнеў. Ці можна давяраць вынікам перапісу? Belsat.eu паразмаўляў з сацыёлагам, аналітыкам Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Аленай Арцёменкай.

Алена Арцёменка. Фота mogilev.online

Паводле Белстату, у Беларусі 9,413 млн чалавек. Гэта на 90 тыс. чалавек менш, чым было ў 2009 годзе і на 41 тыс. менш у параўнанні са звесткамі афіцыйнага рэгістру.

«Гэта чаканая сітуацыя, бо афіцыйныя лічбы робяцца разліковым чынам. Адштурхоўваючыся ад звестак апошняга перапісу, яны [Белстат. – Рэд. belsat.eu] дадаюць сальда паводле звестак пра народжаных і памерлых і звесткі пра міграцыю. Кожны год нейкая памылка назапашваецца. Перадусім памылка за кошт недаўліку эмігрантаў, бо ў нас не дасканалая статыстыка ў плане ўліку эмігрантаў», – адзначыла Алена Арцёменка.

Першыя вынікі перапісу насельніцтва. Нас 9,4 мільёна

Паводле яе, у Беларусі афіцыйныя звесткі не супастаўляюцца са звесткамі краінаў, якія прымаюць беларусаў. Рэгіструюцца працоўныя мігранты толькі на падставе тых лічбаў, якімі справаздачацца ліцэнзаваныя арганізацыі па працаўладкаванні грамадзянаў Беларусі за мяжой.

«Адпаведна ад’езд людзей на сталае месца жыхарства і ў межах працоўнай міграцыі фіксуецца вельмі ўмоўна. Лічбы заніжаныя. Таму гэтай розніцы можна было чакаць. Хаця, вядома, непрыемна, што мы істотна скарачаемся ў сваёй колькасці», – сказала суразмоўца.

У Беларусі працягваецца ўрбанізацыя

Звесткі адносна мужчынаў і жанчын (46,2 % і 53,8 % адпаведна) адпавядаюць афіцыйнай статыстыцы, кажа сацыёлаг. Таксама гэтая, паводле яе, сітуацыя характэрная для нашага рэгіёну.

«У нас працягласць жыцця мужчынаў недзе на 10 гадоў меншая, чым у жанчын. Таму ў старэйшых узроставых групах жанчын болей. Але нараджаецца хлопчыкаў больш за дзяўчынак. І гэтыя два працэсы ўплываюць на фармаванне такога балансу, калі жанчын трошкі больш за мужчынаў», – адзначыла Алена Арцёменка.

https://belsat.eu/news/perapis-2019-chamu-satsyyolagi-bayatstsa-religii-i-navoshta-paznachats-belaruskuyu-movu-rodnaj/

Той факт, што 77,5 % беларусаў жыве ў гарадах і больш за 2 млн у Менску (у 2009 годзе тут жыло 1,837 млн), суразмоўца назвала прыкметай таго, што ў Беларусі працягваецца ўрбанізацыя. І новыя звесткі, паводле яе, дапамогуць у працы сацыёлагам улічваць новыя фактары, звязаныя з месцам пражыцця.

«Галаўны боль усёй краіны»

Асобна сацыёлаг спынілася на сітуацыі з Магілёўшчынай, дзе зараз жыве 1,025 млн чалавек – амаль удвая менш за Менск. 10 гадоў таму тут было 1,099 млн, ці на 74 тыс. чалавек больш.

«Скарачэнне насельніцтва Магілёўскай вобласці з улікам цяжкага сацыяльна-эканамічнага становішча, якое мы назіраем ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Магілёўскай вобласці, – гэта асобны галаўны боль усёй краіны. Ёсць праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтых рэгіёнаў, якая нармальна не працуе, калі прыехаць на месцы і паразмаўляць з людзьмі. Вельмі шмат адтуль ад’язджае людзей працаваць за мяжу, бо больш працаваць практычна няма дзе. Скарачэнне насельніцтва Магілёўскай вобласці за кошт таго, што рэгіён дастаткова дэпрэсіўны, таксама чакана», – сказала Алена Арцёменка.

https://belsat.eu/news/baranavichy-babrujsk-barysau-yakiya-novyya-voblastsi-varta-stvaryts-u-belarusi/

Вынікам перапісу давяраць можна

Каментуючы заявы скептыкаў адносна такога, што вынікам перапісу давяраць нельга, сацыёлаг заявіла, што ў яе няма падставаў не давяраць афіцыйным лічбам.

«Перапіс фінансуецца ў межах тэхнічнай дапамогі. У актыўным узаемадзеянні плануюцца і ладзяцца з агенцтвамі ААН. Узгадняецца з міжнароднымі методыкамі, каб можна было гэтыя звесткі супастаўляць са звесткамі іншых краін», – падкрэсліла яна.

Тое, што больш чуваць негатыўныя водгукі, чым пазітыўныя, яна назвала стандартнай сітуацыяй.

«Я думаю, што можна давяраць тым лічбам, што ўзялі ўдзел [у перапісе. – Рэд. belsat.eu] 95 %. А тыя, хто не прыняў удзел у перапісе, хутчэй будуць выказвацца за тых, да каго перапісчыкі дайшлі», – сказала Алена Арцёменка.

Паводле суразмоўцы «Белсату», звесткам перапісу можна давяраць больш, чым іншым аналітычным публікацыям, бо яны змяшчаюць меншую статыстычную памылку. «Самае цікавае і сумнае – гэта тое, наколькі розніцца колькасць у рэгістры насельніцтва ад фактычнай паводле вынікаў перапісу», – адзначыла Арцёменка.

МГ belsat.eu

Hавiны