Ненармаваны графік працы і няспраўны транспарт: працаўнікі «Менсктрансу» скардзяцца ў Генпракуратуру і КДК


На сайце petitions.by з’явіўся тэкст калектыўнага звароту кіроўцаў і пасажыраў грамадскага транспарту ў Генеральную пракуратуру і Камітэт дзяржкантролю. Яны незадаволеныя невыкананнем умоваў працы ў прадпрыемстве «Менсктранс» і скардзяцца на парушэнне нормаў бяспекі ў тралейбусах і аўтобусах праз неналежны тэхнічны агляд.

Гэтак, паводле заяўнікаў, у філіялах «Менсктрансу» некарэктна праводзіцца праверка і рамонт рухомага саставу. Кіроўцы пастаянна сутыкаюцца з непаладкамі ў тармазной сістэме аўтобусаў і тралейбусаў, з паломкамі фараў і кандыцыянераў. Таксама заяўнікі адзначаюць, што часам даводзіцца працаваць па 9 гадзінаў запар з перапынкам на абед меней за 30 хвілін.

«У новым раскладзе на восень-вясну 2018-2019 гг. на многіх маршрутах паменшылі тэхналагічныя перапынкі да 4 хвілін. Просім заўважыць, што больш доўгія перапынкі трапляюць на гадзіны пік і па факце выкарыстоўваць іх нельга праз адставанне ад раскладу. Час на рэйс скарацілі і, каб выконваць рэгулярнасць, кіроўцы вымушаны ехаць з рызыкай для бяспекі руху. У выніку даводзіцца ехаць без перапынкаў, на мяжы тэхнічных магчымасцяў тралейбуса, каб нагнаць адставанне ад раскладу», – гаворыцца ў звароце.

Гэтак выглядае размяшчэнне вогнетушыцеля ў салоне грамадскага транспарту

Сцвярджаецца, што санітарныя нормы і мікраклімат на працоўным месцы за ўвесь год не выконваліся: узімку пры працуючых печах ацяплення кабіны кіроўцаў праграваліся толькі да + 14, а ў некаторых асобных выпадках тэмпература ў кабіне апускалася да 5 С, і гэта пры сядзячай працы. Улетку ж у гарачыя дні тэмпература паветра на працоўным месцы дасягала + 36 С, кажуць заяўнікі. Пры правядзенні чарговай атэстацыі у 2018 годзе не вырабляліся замеры мікраклімату працоўнага месца.

Паводле іх словаў, зімовая ўніформа не адпавядае тэмпературным нормам у кабіне, але пры яе адсутнасці прадугледжана дысцыплінарнае спагнанне. Кашулі зроблены з неякасных і грубых матэрыялаў, не прапускаюць паветра і псуюць скуру.

На дыспетчарскіх станцыях працаўнікі «Менсктрансу» сутыкаюцца з наступнымі праблемамі: зачыненыя прыбіральні (ключ адсутнічае) і зачынены буфет.

Яўген – адзін са складальнікаў петыцыі – працуе кіроўцам грамадскага транспарту ўжо больш за 20 гадоў.

«Я працую ўжо больш за 20 гадоў, праблемы былі і раней, але ў апошні год гэта пачало даходзіць да мяжы. Раней нешта рабілася, цяпер гэта проста штосьці з чымсьці! Горш сітуацыі, чым мы маем цяпер, не было ніколі», – абураецца мужчына.

Ён адзначае, што не марыць давесці справу да суду, а толькі дамагчыся кардынальных зменаў у лепшы бок.

«Мы проста хочам нармальнага стаўлення да людзей і да тэхнікі, хочам прыходзіць на працу адпачыўшы, выязджаць на спраўным транспарце, каб нас потым не забіралі на хуткіх. Толькі летась трое кіроўцаў падчас руху проста памерлі за стырном ад сардэчнага прыступу, выкліканага ператамленнем», – распавёў Яўген у каментары belsat.eu

Акрамя таго, калі ў снежні 2018 года змяніўся парадак выплаты заробкаў, кіраўніцтва «Менсктрансу» не папярэдзіла падначаленых своечасова, чым парушыла Працоўны кодэкс, скардзяцца людзі. Таксама яны просяць пракуратуру даць прававую ацэнку вядзенню відэазапісу ў кабінах кіроўцаў. Паводле іх словаў, камеры накіраваныя ў твар кіроўцы і вядуць відэазапіс у бесперапынным рэжыме з функцыяй аўдыёзапісу і з магчымасцю захоўваць знятую інфармацыю на працягу месяца.

Дакументы, з якіх вынікае, што непаладкі не былі своечасова ліквідаваныя

«Просім заўважыць, што гэта відэа выкарыстоўваецца для дысцыплінарных спагнанняў у дачыненні да кіроўцаў, пазбаўлення іх прэміі. Таксама просім заўважыць, што ў агляд відэакамер трапляе інфармацыя пра асабістае жыццё, напрыклад з экранаў тэлефона (паролі, асабістая перапіска) падчас карыстання тэлефонам на перапынках і ў абедзенны час. Гэта стварае псіхалагічны дыскамфорт кіроўцам, стварае адцягвае фактар, чырвоныя блікі ў начны час. Знятае відэа дэманстратыўна паказваюць на сходах усім удзельнікам, не пытаючыся дазвол на гэта ў самога кіроўцы», – дадаюць заяўнікі.

Яны просяць Генпракуратуру і КДК правесці праверку і прыняць належныя захады. Раней падобны зварот ужо быў накіраваны імі ў пракуратуру Маскоўскага раёна Менску і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пад гэтым зваротам падпісаліся ўжо 393 асобы (на момант публікацыі гэтай навіны). Перадаць яго заяўнікі плануюць праз 5 дзён.

KA, belsat.eu

Стужка навінаў