«Нелегальны бярозавік»: як беларусы збіраюць сок


На Гомельшчыне завяршаецца збор бярозавага соку. Шмат беларусаў, нягледзячы на пагрозу атрымаць штраф, нарыхтоўваюць бярозавік «на свой страх і рызыку». Адзін з такіх зборшчыкаў распавядае Belsat.eu навошта і як збіраюць бярозавік.

«Сок вельмі карысны, вымывае назапашаныя за восень зіму шлакі, – гаворыць Аляксандр, – асабліва добра чысціць ныркі. Да таго ж ён багаты мікраэлементамі. Улетку, калі спякотна, карысней піць бярозавік, чым ваду. Я збіраю сок не для эканоміі, бо ў нас у Беларусі шмат якія лясгасы нарыхтоўваюць сок і можна за 10 -20 кап. за літр купіць той сок. Але ж, калі побач з лесам жывеш, хочацца самаму збіраць».

Паводле Аляксандра сёлета сезон збору соку быў даволі кароткім праз тое, што доўга ляжаў снег, а потым рэзка пацяплела. Агулам бярозавік ішоў каля трох тыдняў.

«Як толькі на дрэве з’яўляюцца почкі і лісце – дрэва ўжо не дае сок, – кажа Аляксандр. – Калі добра ідзе сок, дык раніцою і ўвечары па два літры сока з адной бутэлькі можна ўзяць. Я пазалетась нарыхтаваў паўтары тоны соку, а сёлета толькі 100 літраў. Звычайна стаўлю каля 10-20 двухлітровых бутэлек. Ёсць такія бярозы, што можна і дзве бутэлькі павесіць на адно дрэва».

Гамяльчук лічыць, што збор соку не шкодзіць дрэву, калі вытрымліваць тэхналогію: не рабіць надта шырокую адтуліну ў дрэве і, канешне, прыбіраць пасля збору металічныя рэчы і бутэлькі. «Трэба зрабіць маленькую адтуліну, напрыклад, вузенькай стамескай, – тлумачыць тэхналогію Аляксандр. – Ня трэба вялікая плошча голага дрэва, дастаткова сантыметр на сантыметр. Бяроза потым хутчэй зажывае. Шкодна, калі людзі робяць вялікія адтуліны, пакідаюць у дрэве жалезкі розныя, не прыбіраюць пластыкавыя бутэлькі за сабой. Я, напрыклад, пасля сканчэння збору забіраю свае бутэлькі, калі адтуліна вялікая ў кары – закрываю яе мохам».

Жыхары Беларусі могуць бясплатна нарыхтоўваць бярозавік для асабістых патрэбаў. Але, дзеля гэтага трэба прайсці інструктаж па тэхналогіі і месцам збору соку ў лясніцтве, ці лясгасе. У адваротным выпадку пагражае штраф за самавольны збор бярозавіку – ад 490 да 1225 рублёў.

У Беларусі ўсе лясгасы, якія маюць бярозавыя масівы, нарыхтоўваюць сок. Летась было рэалізавана 15,5 тонаў напою, з іх на 13,5 тысяч заключаны дамовы з перапрацоўчымі прадпрыемствамі рэспублікі, а 2 тысячы тонаў прадалі насельніцтву. Частку бярозавіку адправілі таксама і на экспарт.

Ларыса Шчыракова, belsat.eu

Стужка навінаў