Нелегальны абарот беларускіх цыгарэт у Расеі вырас больш чым у два разы


Доля цыгарэт гарадзенскай фабрыкі «Нёман» (Беларусь), што нелегальна прадаюцца ў Расеі, у трэцім квартале вырасла з 0,9% да 1,89%. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні рынка нелегальных цыгарэт у Расеі, праведзенага Nielsen.

У даследаванні адзначаецца: у трэцім квартале 2017 года асноўны аб’ём нелегальных цыгарэт, як і раней, прыйшоўся на прадукцыю з Беларусі. Але калі год назад яе доля была прыкладна 0,9% ад усяго расейскага тытунёвага рынку, то цяпер яна вырасла больш чым у два разы, дасягнуўшы 1,89%. Большая частка незаконна ўвезеных у Расею беларускіх цыгарэт (1,58%) выпускаецца на гарадзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман» (маркі NZ, Fest і інш.), піша «Коммерсант».

Зыходзячы з даследавання Nielsen, абʼём незаконна ўвезенай прадукцыі з Беларусі складае 6,2 млрд цыгарэт. І гэта без уліку Дагестана, дзе, па дадзеных TNS, узровень нелегальнага гандлю перавышае 40% і амаль увесь абʼём складае прадукт з Беларусі. Паводле экспертаў, беларускія цыгарэты сталі настолькі папулярныя ў Расеі, што тут іх ужо нават пачалі падрабляць. «Папулярнасць беларускіх марак абумоўлена іх цэнавай даступнасцю для спажыўцоў: іх кошт не перавышае 40-45 руб. за пачку, што значна ніжэй за кошт недарагіх марак, вырабленых легальна на расейскіх тытунёвых фабрыках », – тлумачыць віцэ-прэзідэнт PMI ў Расеі Сяргей Сліпчанка.

Цыгарэты фабрыкі «Нёман» рэгулярна фігуруюць у скандалах з кантрабандай і нелегальнымі абаротам тытунёвых вырабаў. Як раней распавядаў «Белсат», значная колькасць беларускіх цыгарэт з заводу «Нёман» трапляе таксама на тэрыторыі падкантрольныя ЛНР і ДНР. Кіраўніцтва «ЛНРПродторг» нават хвалілася наўпроставымі кантрактамі з Беларуссю, але на самой фабрыцы «Нёман» «Белсату» заяўлялі, што беларускія цыгарэты трапляюць на Данбас праз прыватных перакупшчыкаў.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў