Некаторым украінскім палонным маракам упершыню далі пазваніць дамоў


Акцыя падтрымання зняволеных украінскіх маракоў у Кіеве ў снежні 2018-га. Фота – Serg Glovny / ZUMA Wire / Forum

Пра гэта паведаміў адвакат Мікалай Полазаў.

Паводле юрыста, маракі і іх адвакаты, а таксама консулы амбасады Украіны ў Маскве неаднаразова звярталіся да следчых з заявамі сустрэцца і паразмаўляць з блізкімі, але цягам амаль пяці месяцаў гэтыя просьбы ігнаравалі.

«Мы разлічваем, што следства прыме такое рашэнне ў дачыненні да кожнага з 24 ваеннапалонных украінскіх маракоў і яны змогуць хаця б па тэлефоне пачуць галасы сваіх родных і блізкіх», – напісаў Полазаў.

Паводле Полазава, следства ў дачыненні да маракоў працягнецца да траўня.

25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі расейскія памежнікі абстралялі і захапілі ўкраінскія ваенныя караблі разам з 24 маракамі. Затрыманых украінцаў даставілі ў Крым і абвінавацілі ў «парушэнні расейскіх межаў». Пазней з Сімферопаля іх адправілі ў СІЗА «Ляфортава» у Маскве.

17 красавіка Лефортаўскі суд падоўжыў арышт украінскіх маракоў да 24 ліпеня.

21 красавіка яшчэ да аб’яўлення вынікаў галасавання Уладзімір Зяленскі паабяцаў вярнуць украінскіх маракоў на радзіму.

«Акрамя менскіх дамоваў у нас задача нумар адзін – вярнуць нашых усіх зняволеных, усіх маракоў», – заявіў Зяленскі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў