«Нехта смяяўся, нехта коса глядзеў». Як Вярхоўны Савет прымаў Дэкларацыю аб суверэнітэце


У 1996-ым годзе беларусы адзначалі галоўнае нацыянальнае свята нашай краіны – Дзень незалежнасці. За шэсць гадоў да гэтага, 27 ліпеня 1990 года, Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце БССР»: Беларусь нарэшце вярнула незалежнасць, якую страціла ў 1918 годзе.

«Большасць Вярхоўнага Савету не марыла і не думала, што разваліцца Савецкі Саюз, што будзе нейкая незалежная Беларусь. І калі нашая апазіцыя ўпершыню прапанавала прыняць Дэкларацыю, хтосьці смяяўся, хтосьці коса паглядаў», – узгадвае гісторык і былы дэпутат Алег Трусаў.

Афіцыйным свята 27-га ліпеня заставалася нядоўга

Праз шэсць гадоў пасля прыняцця Дэкларацыі абраны ў 1994 годзе прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум, які вызначыў іншую дату для святкавання Дня незалежнасці – 3-га ліпеня, Дзень вызвалення Менску ад гітлераўскіх захопнікаў. Але ці паўплываў перанос Дня незалежнасці на ўмацаванне самастойнай і вольнай Беларусі?

Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га склікання, прадстаўніка апазіцыі БНФ Лявона Баршчэўскага, часткова Дэкларацыя 27 ліпеня 90-га года ажыццявілася – у беларусаў ёсць сваё войска і валюта – галоўныя атрыбуты незалежнасці. Але ці можна назваць тое ж войска незалежным, тым, якое дбае выключна пра захаванне самастойнай Беларусі?

«Усё, як 30 гадоў таму – на нашай тэрыторыі ідуць вучэнні сумнеўнай якасці. Вырошчваецца сельскагаспадарчая прадукцыя на тэрыторыях, забруджаных Чарнобылем. І гэтыя два асноўныя пункты не выкананыя, нягледзячы на тое, што яны пазней былі зафіксаваныя ў Канстытуцыі», – зазначыў Баршчэўскі.

Незалежнасць была здабытая не за некалькі дзён

У Беларусі па-ранейшаму працягвалі дзеяць старыя савецкія законы, якія нярэдка супярэчылі Дэкларацыі. І толькі пасля правалу жнівеньскага путчу ў Маскве, калі камуністы спрабавалі спыніць працэсы дэмакратызацыі ў СССР, нашай краіне ўдалося выйсці на новы, незалежніцкі этап будавання сваёй дзяржаўнасці.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў