«Канапацкая сталася суўдзельніцай злачынстваў Лукашэнкі». Былы дэпутат – аб праекце гарантыяў першаму прэзідэнту


Прапановы дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай даць будучаму экс-кіраўніку Беларусі пажыццёвую ахову, спецсувязь, асабістых памочнікаў, пенсію памерам 75 % ад заробку і адну рэзідэнцыю выклікалі дыскусію ў беларускім грамадстве.

Паводле Ганны Канапацкай, недатыкальнасць для прэзідэнта – гэта агульнасусветная практыка. Аднак не ўсе згодныя, што Аляксандр Лукашэнка мае права на прывілеі ў такім выглядзе.

Былы следчы Алег Волчак думае, што дэпутатка заўчасна выйшла з такою прапановаю. Праваабаронца не выключае, што хтосьці можа дапамагаць Канапацкай у прасоўванні гэтай ідэі.

«Гэткая практыка ёсць у іншых краінах, калі былога кіраўніка забяспечваюць пэўнымі прывілеямі за добрую адданую працу. Зноў жа гэта абмяркоўвае парламент. Калі казаць пра Лукашэнку: якое дабро ён зрабіў для беларусаў? Вельмі цяжка адказаць. У нас няма справядлівага суда, які б пакараў яго за злачынствы. Патрэбнае абмеркаванне».

Лукашэнка распавёў, ці будзе балатавацца на шосты тэрмін

Алег Волчак шмат ездзіць па рэгіёнах і кажа, што да прапанавага праекту людзі ставяцца адмоўна.

«У народу вельмі вялікі ўзровень гневу не толькі да Лукашэнкі, але да ўлады агулам. Не выключана, што налета давер да ўладаў яшчэ больш знізіцца. Таму сёлета Лукашэнка вельмі жорстка душыў назіральнікаў. Яны бачылі, што рэйтынг у іх амаль нулявы. Добра, калі некалькі адсоткаў яшчэ давяраюць Лукашэнку ды ягонай уладзе».

«Турэмная камера замест рэзідэнцыі»

Не падтрымлівае законапраекту Ганны Канапацкай і былы апанент дзейнага кіраўніка Беларусі Андрэй Клімаў. Паводле яго, пасля змены ўлады Лукашэнку не пакараюць, але і рэзідэнцыя наўрад ці яго чакае.

«Першае, што ён атрымае пасля змены ўлады, – турэмную камеру замест рэзідэнцыі. Рэшту вызначыць суд. Думаю, на пажыццёвае ягоныя злачынствы пацягнуць. Караць смерцю ніхто яго не будзе, бо пасля змены ўлады ўвядуць мараторый на смяротнае пакаранне».

Былы дэпутат і калісьці адзін з самых багатых бізнесоўцаў Беларусі думае, што ўсе, хто быў суўдзельнікам злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, пачнуць даваць паказанні пасля ягонага сыходу.

«Ніхто не будзе браць віны на сябе. Пачынаючы з Шэймана і канчаючы Паўлючэнкам».

Палітолаг: «Сыход Лукашэнкі будзе падобны да казахскага, калі кіраўнік нібы сыходзіць, але насамрэч застаецца»

На думку Андрэя Клімава, найгоршае, што зрабіў Лукашэнка, – у 1999 годзе перарабіў дакумент пра гэтак званую Саюзную дзяржаву, у выніку чаго Беларусь фактычна пераўтварылася ў калонію Расеі.

«Гэта называецца здрада. За гэта выбачэння не будзе. Адзіны спосаб для Лукашэнкі выкупіць віну – вярнуць статус незалежнай краіны. Нават у межах Саюзнай дзяржавы: эканамічная незалежнасць ад Расеі. Трэба вярнуць свабоду прадпрымальніцтва, рэабілітаваць асуджаных паводле эканамічных артыкулаў, перастаць раскрадаць і транжырыць бюджэт».

Ганну Канапацкую Андрэй Клімаў назваў суўдзельніцаю злачынстваў Лукашэнкі.

«Яна будзе таксама сядзець з Лукашэнкам на лаве падсудных. Гэты законапраект – пакрыццё злачынстваў рэжыму. Таму з гэтай хвіліны яна становіцца дзяржаўным злачынцам».

«Ужо і інтэграцыя не патрэбная». Крэмль можа павысіць цану на газ

Пасля галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Аляксандр Лукашэнка заявіў: калі людзі яго не падтрымаюць на нейкіх выбарах – ён не пакрыўдзіцца.
Глядзі таксама
Каментары