«Нечаканая перамога»: Цэх Жывой Гісторыі распавядзе пра Бітву на Уле


Нефармальнае беларускае аб’яднанне беларускіх ваенных гісторыкаў, аматараў гісторыі і ваенна-гістарычнай рэканструкцыі зладзіць 25 студзеня адкрытую сустрэчу, прысвечаную рашучай перамозе арміі Вялікага княства Літоўскага над маскоўскім войскам у 1564 годзе.

Лівонская перадгісторыя

Маскоўскі цар Іван Жахлівы ў 1558 годзе пачаў вайну ў Прыбалтыцы – супраць Лівонскага ордэна і чатырох княстваў-біскупстваў. Вялікае маскоўскае войска, якое мела магутную артылерыю, даволі хутка авалодала дзясяткамі ўмацаваных гарадоў, якія былі пабудаваныя яшчэ крыжаносцамі.

За тры гады вайны высветлілася, што лівонцы амаль не маюць сілаў для супраціву, і ў 1561 годзе ў Вільне была заключаная Віленская ўнія паміж нашым вялікім князем Жыгімонтам ІІ і Готхардам Кетлерам, ландмайстрам Тэўтонскага ордэна ў Лівоніі.



Маскоўцы растрэльваюць палонных жанчын у Лівоніі. Паведамленне 1561 году.

Аўтар: Georg Bresslein

У выніку ўніі Вялікае княства Літоўскае далучала частку земляў Лівоніі да сябе, а Кетлер рабіўся герцагам Курляндскім і Земгальскім – васалам ВКЛ. Пачалася вайна Масквы і Вялікага княства.

Полацкая трагедыя

У 1563 годзе вялізарнае маскоўскае войска выступіла на Полацк, старыя ўмацаванні якога таксама не маглі супрацьстаяць сучаснай артылерыі. Збор палявой арміі ВКЛ, якая магла б зняць аблогу, спазняўся – сілы, якія былі ў наяўнасці пад камандаваннем Мікалая Радзівіла былі разоў у 20 менш за 30-тысячную маскоўскую армію.

Цяжкія ядры прабівалі сцены Полацкага замка наскрозь, абараняцца амаль не было магчымасці – і Полацк здаўся.

Па адной з версіяў, вядомая з XVII стагоддзя знакамітая Тарапецкая ікона Божай Маці – гэта трафей, захоплены Іванам Жахлівым у Полацку.

Хоць капітуляцыя адбывалася на ўмовах захавання жыцця і маёмасці тых, хто быў у аблозе, войскі Івана Жахлівага адразу пачалі рэпрэсіі супраць католікаў, а ўсіх жыдоў, якія адмовіліся прыняць праваслаўе, патапілі ў Заходняй Дзвіне.

Іншая частка гараджанаў – па паведамленнях еўрапейскіх крыніцаў, гэта былі дзясяткі тысячаў – была забраная ў палон. Існуюць дадзеныя, што потым палонных прадавалі ў няволю, у тым ліку ў мусульманскія краіны.

Сорам і ганьба за Полацк

26 студзеня 1564 года адбылася бітва, падчас якой першапачатковы наступальны імпэт Масковіі быў збіты.

Іван Жахлівы прызначыў галоўным ваяводам Пятра Шуйскага, якога і адправіў для развіцця поспеху з Полацку ў накірунку Воршы.

Гетман Мікалай Радзівілы Руды

«У гэты час я з маім войскам стаяў у Лукомлі… на адлегласці ў сем міль ад Улы, і хоць у параўнанні з непрыяцелем быў слабы, але сорам і ганьба, якія для мяне і ўсёй нашай нацыі і нашаму імені сталі вынікам адабрання ў нас гораду і абшару Полацкага, падштурхнулі мяне выйсці супраць непрыяцеля і каля самой Улы сустрэцца з ім тварам да твару», – пісаў у лісце Мікалай Радзівіл Руды.

Загадкавая перамога?

Вынік сустрэчы Радзівіла і Шуйскага нам вядомы – асноўныя сілы маскоўскай арміі былі разбітыя. Загінуў і сам Шуйскі, якога па адной з версіяй падчас адступлення забілі мясцовыя сяляне. Наступленне маскоўцаў у 1564 годзе было сарванае.

Маскоўскія гісторыкі часам пішуць, што стратэгічных наступстваў перамога нашага войска не мела. Аднак пасля гэтай бітвы ў вайне пачаўся перыяд хісткай раўнавагі – вялікіх поспехаў маскоўцы ўжо ня мелі, хоць і ладзілі асобныя наступальныя аперацыі.

Доўгая вайна скончыцца вяртаннем усіх захопленых Іванам Жахлівым нашых земляў і крахам маскоўскай агрэсіі, эканамічна-палітычным калапсам усяго Маскоўскага царства.

Аднак як адбылася сама бітва – пра гэта існуюць радыкальна адрозныя версіі. Кажуць і тое, што перамога была вынікам рашучай нечаканай атакі літоўскага гетмана, і таго, што бітва была цяжкай і працяглай. Адныя пішуць, што Шуйскі ішоў без выведкі і дазораў, што войска не апранула даспехаў, і адначасова іншыя паведамляюць, што маскоўскае войска было папярэджанае і гатовае да бою.

Гэтыя загадкі бітвы на Уле паспрабуе разгадаць кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч 25 студзеня – амаль у гадавіну нашай перамогі. Адкрытая лекцыя «за куфлем піва» адбудзецца ў рэстарацыі Beer&Wine у Менску (вул.Кульман, 9).

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў