Неанацыст Аляксей Мільчакоў, які адразаў вушы ўкраінскім жаўнерам, пахваліўся адпачынкам у Беларусі


Расейскі неанацыст, удзельнік вайны на Данбасе Аляксей Мільчакоў выклаў у сваім акаўнце ў сацсетках фотаздымак з беларускай вёскі, дзе баявік нібыта знаходзіўся на адпачынку. Галоўная вайсковая пракуратура Украіны абвясціла ў вышук Мільчакова яшчэ ў лістападзе 2016 года.

Фотаздымак быў выкладзены на ягонай старонцы «Вконтакте» яшчэ 7 верасня. «Адпачынак на дачы ў Беларусі. Стары домік у вёсцы, свежыя шашлыкі і прырода», – пазначана пад здымкам.

Дзе канкрэтна зроблена фота – не ўдакладняецца. Аднак раней, у 2016 годзе, Мільчакоў распавядаў журналістам, што некалькі разоў наведваў Беларусь і нібыта набыў хату на Віцебшчыне. Праблемаў з беларускімі праваахоўнымі органамі баявік пры гэтым не меў.

Звязацца з Аляксеем Мільчаковым у журналістаў belsat.eu пакуль не атрымалася.

Паводле ўкраінскай пракуратуры, Аляксей Мільчакоў з чэрвеня 2014 г. па жнівень 2015 года ў складзе створанай ім дыверсійна-штурмавой разведвальнай групы «Русіч» (куды ўваходзілі расейскія нацыяналісты) ваяваў супраць Украіны на Данбасе. У выніку арганізаванай ім засады 5 верасня 2014 года недалёка ад пасёлка Прыветнае Славянасербского раёну Луганскай вобласці загінулі каля 40 вайскоўцаў батальёна «Айдар» і 80-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады.

Летась Галоўная вайсковай пракуратура накіравала ў суд абвінаваўчы акт супраць Мільчакова, яго вінавацілі ў злачынствах, прадугледжаных ч. 1 арт. 258-3 (тэракт), ч. 3 арт. 110 (замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны) і ч. 2 арт. 28 ч. 2 арт. 437 (вядзенне агрэсіўнай вайны) Крымінальнага кодэкса Украіны. Суд мусіў адбыцца завочна.

Belsat.eu накіраваў запыт у праваахоўныя органы Украіны з просьбай патлумачыць, ці звязваліся яны з беларускімі спецслужбамі наконт выдачы Мільчакова і ці вядома ім наогул пра візіты баевіка ў Беларусь.

  • За ўраджэнцам Пецярбургу Аляксеем Мільчаковым (пазыўны «Сэрб», мянушка «Фрыц») цвёрда замацавалася рэпутацыя неанацыста і садыста. Падчас вайны на Данбасе ў забітых украінскіх жаўнераў ён адразаў вушы, выразаў на іх тварах знак «калаўрат» (8-прамянёвая свастыка), а таксама рабіў сэлфі на фоне згарэлых трупаў украінцаў. Фота сваіх «подзвігаў» Мільчакоў выкладваў у сацыяльныя сеткі.
  • У траўні 2016 году вялікі розгалас набыла гісторыя пра тое, як беларускіх дзяцей з Віцебску, Друцку і Талачына вазілі ў Расею на вайсковыя зборы, дзе за інструктараў былі баевікі групы «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў.
  • Паводле расейскіх СМІ, у 2017 годзе Мільчакоў далучыўся да так званай «ПВК Вагнэра».
ВІДЭА
Беларускі спіс «Вагнэра»: 2 з 11 забітыя. Дзе цяпер астатнія?
2018.10.04 12:49

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў