Неабальшавізм і палітыка «чорнага тэрору»

Пасля заканчэння выбарчай кампаніі і хвалі пратэстаў беларускае грамадства сутыкнулася з тым, што Лукашэнка і ягонае асяроддзе пачалі выкарыстоўваць усе дзяржаўныя інстытуты і палітычныя механізмы для сілавога ўтрымання ўлады і падаўлення насельніцтва. Фактычна ў краіне пачаўся сістэмны тэрор, які характарызуецца не толькі рэпрэсіямі ў дачыненні да апанентаў, але і разбурэннем любых грамадзянскіх інстытутаў, дыпламатычных адносін, якія не спрыяюць легітымацыі і стабільнасці існага ладу. Такія паводзіны былі характэрныя толькі для аднаго рэжыму – рэжыму бальшавікоў, што дзейнічалі паводле прынцыпаў «усё ці нічога», «утрымаць уладу любой цаной».

Час, умовы, стан дзяржавы, яе цывілізацыйнае становішча, а таксама лад думак і паводзіны кіроўнай групы дазваляе назваць цяперашні рэжым у Беларусі неабальшавіцкім. Хоць дзеянні беларускіх уладаў не маюць нічога агульнага з ідэалогіяй бальшавікоў, якая абапіралася на веру ў «барацьбу за светлую будучыню», тым не менш палітыка рэжыму Лукашэнкі, накіраваная на захаванне ўлады любой цаной, нават праз усеагульнае разбурэнне адпавядае бальшавіцкім метадам.

Марш вызвалення
«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Тых, хто сёння знаходзіцца ва ўладзе, не хвалюе эканоміка, сацыяльныя інстытуты, стан грамадства, інтэлектуальнае развіццё, простыя грамадзяне ці міжнародная рэакцыя, а толькі ўлада ў чыстым выглядзе і яе ўтрыманне. Лукашэнка і ягонае асяроддзе наагул не цікавіць, што будзе потым.

Вядома, на працягу ўсіх 26 гадоў Лукашэнка утрымліваў уладу з дапамогай кропкавых або шырокіх рэпрэсій, але такога ўзроўню тэрору, які абрынуўся на краіну, у нашай сучаснай гісторыі яшчэ не было. Улічваючы, што тэрор не мае ніякай ідэалагічнай асновы і ажыццяўляецца ананімна – прадстаўнікамі сілавых структур без ідэнтыфікатараў, апранутымі ў чорную форму, тэрор можна смела назваць «чорным».

Палітыка чорнага тэрору ахапіла ўсе ўзроўні палітычнай і сацыяльнай сістэмы. Такі рэгрэс надыходзіць у выніку страты або адсутнасці легітымнасці і падтрымкі з боку асноўнай масы насельніцтва. Так ці інакш, дэградацыя сацыяльна-палітычных адносін ідзе імкліва, унутраных бар’ераў і стрымак ад палітычнага гвалту для ўлады ўжо няма. Ёсць толькі верныя чарнаармейцы-баевікі, надзвычайныя суды, дзе прысуды выносяцца «імем улады».

Так званыя касманаўты, без апазнавальных знакаў са схаванымі асобамі. Фота Belsat.eu
  • Фактычна з палітычнага аўтарытарызму рэжым перайшоў у стадыю тэрарыстычнага аўтарытарызму:

    людзей масава затрымліваюць, збіваюць, забіваюць;
  • суд трансфармаваўся ў палітычны інструмент ціску, фабрыкацыі прысудаў, апраўдання гвалту і злачынстваў супраць грамадзян;
  • прававыя, заканадаўчыя нормы не маюць ніякага значэння і працуюць толькі ў інтарэсах рэжыму;
  • грамадзянскія інстытуты: школы, універсітэты іншыя ўстановы ператварыліся ў механізм наўпроставага палітычнага і ідэалагічнага ціску і запалохвання. Для запалохвання чыноўнікі звяртаюцца да таго, што пачынаюць забіраць дзяцей у палітычных актывістаў;
  • адной з практык тэрору стаў прымус да эміграцыі (прыклад Паўла Латушкі і, магчыма, Святланы Алексіевіч). Гвалтоўная дэпартацыя грамадзянаў Рэспублікі з краіны (Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова). Пазбаўленне грамадзянства (каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч);
  • інфармацыйная блакада, пазбаўленне акрэдытацыі журналістаў замежных выданняў, ліквідацыя незалежных беларускіх выданняў;
  • разгон (рэпрэсіі) у дачыненні да творчых, спартыўных калектываў, закрыццё тэатраў (Гарадзенскі абласны драматычны тэатр, Нацыянальны тэатр ім. Я. Купалы);
  • паступовая блакада межаў, абмежаванне свабоднага перамяшчэння грамадзянаў, герметызацыя сістэмы;

Вайна з грамадзянамі ўнутры краіны вядзе да палітычнай канфрантацыі на міжнароднай арэне. Зразумела, што тэрарыстычны рэжым не можа быць прыняты міжнароднай дэмакратычнай супольнасцю. Разам з тым, тэрор ужо з’яўляецца адмаўленнем і адрыньваннем цывілізаваных прынцыпаў. Для рэжыму Лукашэнкі стаўленне з заходнімі краінамі ніколі не зʼяўлялася стратэгічна неабходным. Больш за тое, Лукашэнка заўсёды разглядаў Захад як ворага і прамую пагрозу. Ваяўнічы дыскурс мог змяншацца або павялічвацца ў залежнасці ад сітуацыі, але ніколі не знікаў з унутрыпалітычнай парадку дня. У сваю чаргу, тэрарыстычны рэжым вымушаны зачыняцца на вонкавы свет, бо уплыў апошняга разбурае сістэму. Для ўстойлівасці неабходная гістэрыя, унутранае напружанне, пастаяннае чаканне вайны і агрэсіі, дэструктыўная дзейнасць «пятай калоны», асабліва гэта важна для кансалідацыі сілавога, адміністрацыйна-рэпрэсіўнага блока.

«Марш вызвалення» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Таму дыпламатычная вайна з Літвой і Польшчай (у перспектыве з іншымі заходнімі дзяржавамі) упісваецца ў карціну свету тэрарыстычнага рэжыму. Разам з тым, захлопванне сістэмы і дзяржавы неадкладна прывядзе да страты Беларуссю міжнароднай суб’ектнасці, а гэта ў сваю чаргу аслабіць яе суверэнітэт.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў