Не зважаючы на пагрозу турмы, Навальны вяртаецца ў Маскву


Расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны мае прыляцець у Расею 17 студзеня.

Пра хуткае вяртанне на радзіму ён напісаў у сваім Instagram.. Апошнім часам ён заставаўся ў Нямеччыне, дзе праходзіў лячэнне і рэабілітацыю пасля атручвання.

«Пытання «вяртацца ці не» перада мною не стаяла ніколі. Проста таму, што я не з’язджаў. Я апынуўся ў Нямеччыне, прыехаўшы ў яе ў рэанімацыйнай скрынцы, з аднае прычыны: мяне спрабавалі забіць. Я выжыў. І цяпер Пуцін, які аддаў загад пра маё забойства, верашчыць на ўвесь свой бункер і загадвае сваім служкам зрабіць усё, каб я не вярнуўся».

Паводле Навальнага, ён прыляціць у Маскву рэйсам «Победа», на які ўжо купіў квіткі.

12 студзеня Федэральная служба выканання пакаранняў заявіла, што Навальнаму трэба замяніць умоўны тэрмін у справе «Іў Рашэ» на рэальны. Паводле гэтае справы Навальнага асудзілі на 3,5 года ўмоўна, а ягонага брата Алега скіравалі ў калонію агульнага рэжыму на гэткі самы тэрмін.

29 снежня 2020 года супраць Навальнага распачалі новую крымінальную справу. СК сцвярджае, што Навальны скраў 356 мільёнаў рублёў ахвяраванняў «на асабістыя мэты»: набыццё маёмасці, матэрыяльных каштоўнасцяў і аплату выдаткаў (у тым ліку адпачынку за мяжою). Грошы прызначаліся некалькім арганізацыям, звязаным з апазіцыйным палітыкам. Навальны назваў гэтую справу помстай за ягонае расследаванне аб атручэнні, у якім ён абвінаваціў супрацоўнікаў ФСБ і Уладзіміра Пуціна.

  • Заснавальніку Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксею Навальнаму стала дрэнна 20 жніўня на борце самалёта, калі ён ляцеў з Томска ў Маскву. Ён страціў прытомнасць, пасля чаго экіпаж прызямліўся ў аэрапорце Омска, і Навальнага даставілі ў мясцовую бальніцу хуткай дапамогі №1.
  • Нямецкія таксіколагі раней прыйшлі да высновы, што Навальны быў атручаны нервова-паралітычным рэчывам з групы «Навічок». Гэтыя ж звесткі пацвердзілі лабараторыі ў Францыі ды Швецыі. У Расеі адмаўляюць сам факт атручвання і перакананыя, што падставаў для крымінальнае справы пакуль няма.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў