Не выходзілі нават у прыбіральню. У Берасці жанчына на 16 гадзінаў замкнула сына ў машыне


Машына, у якой зачынілася маці з сынам.
Фота: Сяргей Пятрухін, facebook.com

У Берасці фатографка з Менску Алена Кузьміч-Лукашэвіч спрабавала гвалтам забраць чатырохгадовае дзіця ў свайго мужа, з якім яна цяпер разводзіцца. Пра гэта паведамляе відэаблог «Народный репортер».

Бацька дзіцяці Уладзіслаў Кузьміч адзначыў, што ўвечары 25 ліпеня быў з дзіцём на вуліцы. Раптам з’явілася машына з расейскімі нумарамі, з якой выйшла маці, выхапіла дзіця і закрылася ў машыне. Калі Уладзіслаў пабег за імі, кіроўца – грамадзянін Расеі – абліў з пярцовага балончыка яму галаву і нават пракаціў на капоце машыне. Тым не менш, аўто атрымалася спыніць.

Сябру дзяўчыны забралі ў міліцыю. А маці з дзіцём закрылася ў машыне і адмовілася выходзіць. Там яны знаходзіліся каля 16 гадзінаў, не выходзячы нават у прыбіральню.

Бацька мяркуе, што яго жонка спрабавала вывезці дзіця ў Расею.

Як распавёў Уладзіслаў Кузьміч, гэта ўжо прынамсі чацвёртае спроба жанчыны выкрасці сына, які пакуль жыве з ім у чаканні судовага паседжання, прызначанага на 6 жніўня.

Раніцай 26 ліпеня прыехалі прадстаўнікі органаў апекі і міліцыі. У выніку бакі дамовіліся, што разам паедуць вырашаць пытанне ў адміністрацыю Маскоўскага раёну гораду. У машыну да Алены сеў адзін з чыноўнікаў, на гэтым настаяў Улад, бо баяўся адпускаць жанчыну адну з дзіцём.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў