«Не ведаю, як пасля перамогі мы будзем жыць з гэтымі людзьмі». Гутарка з Настай Шпакоўскай


Фота з архіва Насты Шпакоўскай

Акторка і салістка гурта «Naka» Наста Шпакоўская актыўна ўлучылася ў палітычнае жыццё краіны і ўжо звольнілася з дзяржаўнага тэатру імя Горкага ды ўрэшце разам з дзецьмі ўвогуле з’ехала з краіны. Мы пагутарылі з Настай аб прычынах ад’езду, звальненні з тэатру, нявыдадзеным альбоме, абуджэнні нацыі ды аб тым, куды пасля перамогі пратэсту падзенуцца чыноўнікі.

– З якой прычыны вы былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі?

– На мяне аказваўся ціск, але паколькі ў краіне засталіся мае родныя і блізкія, я не магу сказаць нешта больш канкрэтнае. Можна паназіраць, што я рабіла з канца траўня, і зрабіць выснову, што гэта за ціск мог быць, калі я ў выніку адна з двума дзецьмі тайна з’ехала з радзімы. Сябар, які нас перавозіў, да апошняга не ведаў, што гэта будзем менавіта мы. На пытанне памежнікаў сказалі, што едзем адпачываць, але складанасцяў і не магло ўзнікнуць: усё было накіравана на тое, каб я з’ехала.

– Як і дзе вы цяпер пасяліліся?

– Мы цяпер у Кіеве. Улічваючы, што я вымушана была звольніцца з тэатру, кінуць свой дом, сабаку, катоў і марскіх свінак, вядома, мне сумна. Але дзякуючы сябрам мы хутка вырашылі побытавыя пытанні. Я дагэтуль атрымліваю запыты наконт канцэртаў, але спяваць не магу, мая творчасць сёння – гэта акцыі. Да таго ж займаюся сацыяльнай дзейнасцю – дапамагаю беларусам, якія таксама тут апынуліся, і раблю праект першай у Кіеве беларускай онлайн-школы. На базе сярэдняй адукацыі ў ёй будуць вывучаць беларускую мову, літаратуру і гісторыю. І паглыблена – ангельская і праграмаванне. Гэтай працай я цяпер і выратоўваюся, па-за радзімай яна дае мне адчуванне, што я ўвогуле існую.

Фота з архіва Насты Шпакоўскай

– А дзе цяпер вучацца вашы дзеці?

– Менавіта яны і падштурхнулі мяне да стварэння школы. Цяпер яны вучацца дыстанцыйна, і мне здаецца, гэта вучоба лепшая, чым была ў школе ў Менску. Я маю на ўвазе і саму адукацыйную праграму, і сацыяльныя абставіны, у якіх мае дзеці больш не з’яўляюцца эксперыментам міністэрства адукацыі і прапаганды.

– Што вас падштурхнула да звальнення з Рускага тэатру?

– Я была паглыбленая ў палітычныя падзеі ўжо з траўня, і пасля таго, што здарылася ў паслявыбарчыя дні, арганізавала сустрэчу з калегамі. Я патлумачыла ім сваю пазіцыю, але не ўсе змаглі мяне нават зразумець. Я ўжо тады папярэдзіла, што буду звальняцца, бо не ўяўляю, як цяпер магу працаваць у дзяржаўнай установе. Ужо не кажу пра тое, што я не магу спяваць, танчыць і рабіць нешта забаўляльнае. Тым больш незразумела для каго: нармальны чалавек цяпер не пойдзе ў такі тэатр, якім ён быў дагэтуль. Забаўляцца цяпер – гэта для «ябацек». Паўгода таму я б не паверыла, што магу звольніцца: гэта ж мой тэатр і мае дваццаць гадоў жыцця. А пасля жнівеньскіх падзей рашэнне было прынятае імгненна. Думаю, гэта быў правільны крок. Ведаючы, напрыклад, што Руслан Чарнецкі вядзе лукашысцкія «шабашы», я не ўяўляю, як бы выйшла з ім на адну сцэну і грала каханне.

– Вы думаеце, артысты шчыра далучаюцца да праўладных мерапрыемстваў?

– Калі казаць пра Руслана, ён даўно вёў нейкія балы ў нашага былога «ціпа прэзідэнта», але тым не менш трымаўся нейтральнай пазіцыі. Можа, яму паабяцалі медалі ці грошы – як чалавек, прывязаны да паперак і званняў, напэўна, ён выбраў сабе такі шлях. Я не разумею, як дзяржаўная машына з нармальных людзей – а ён быў нармальны, я ведаю Руслана гадоў пятнаццаць – робіць біяробатаў. Гэта вельмі страшна і брыдка назіраць.

Прыхільнікі Лукашэнкі
Удзельнікі мітынгу прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі каля Камароўскага кірмашу ў Менску. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak.tv

– Услед за вамі хто-небудзь звольніўся?

– Не.

– А якія ў тэатры былі настроі, напрыклад, падчас гісторыі з Купалаўскім?

– У Рускім шмат адэкватных людзей, але простае чалавечае бытавое, відаць, узяло сваё. Людзі ўжо паўтара года ў сувязі з рамонтам па сутнасці не маюць працы і атрымліваюць нейкія сімвалічныя грошы, каб не памерці з голаду. Яны не могуць дазволіць сабе згубіць тыя 200–300 рублёў за месяц, а ідэйна не настолькі паглыбленыя ў падзеі. Па-чалавечы я іх разумею, але калі ты хочаш нешта змяніць, ты не думаеш, што будзеш есці і дзе адзявацца. На прыкладзе Купалаўскага мы бачым, як лёгка гэта вырашаецца, патрэбна толькі кансалідацыя, а ў нас усе адчуваюць сябе адасобленымі адзінкамі. Я веру, у купалаўцаў фантастычныя перспектывы – яны могуць працаваць у Вільні, іх запрашаюць у Кіеў і ў Варшаву. Няма чаго чапляцца за будынак. Спадзяюся, калі мы пераможам, я далучуся да іх як да блізкіх па духу.

– Вы праз каронавірус і апошнія падзеі так і не выпусцілі альбому. Што з ім цяпер?

– Так, мусілі выпусціць ужо ў жніўні. Ён цяпер на паўзе. Мы яго абавязкова зробім, але гэта будзе ўжо не той альбом, які планаваўся. Яго трэба будзе пераасэнсаваць, дадаць новыя песні. Гурт «Naka» са мной застанецца – гэта ж не дзяржаўны тэатр. Проста цяпер не самы спрыяльны час для такой працы. Жыць творчасцю гурта, як гэта было заўсёды, сёння для мяне складана.

Фота з архіва Насты Шпакоўскай

– Вы адчулі падтрымку ў сувязі са звальненнем і вашым ад’ездам?

– Адчула, мяне ўвогуле ўражвае чалавечая энергія ў краіне. Ёсць, вядома, і негатыўны бок – тролінг і прапаганда, але я ніколі ў жыцці так не верыла ў беларусаў. Паглядзіце на светлыя, адукаваныя, прыгожыя твары на мірных шэсцях (на «шабашах» і тайнай інаўгурацыі мы бачым твары іншага кшталту). Калі іх моц і годнасць закатаць у асфальт, гэта будзе трагедыя для ўсёй Еўропы, таму не толькі беларусам трэба змагацца за гэтую свабоду. Я веру, мы станем вялікай нацыяй.

– А калі сапраўды пратэст закатаюць у асфальт, што будзе з Беларуссю?

– Я не разглядаю такога варыянту. Мы пераможам, пытанне толькі часу і ахвяраў. Калі Лукашэнку будзе падтрымліваць пуцінская Расея, ахвяр будзе шмат, а час зацягнецца. Таму беларусы павінны больш уважліва паставіцца да пазіцыі Ціханоўскай, якая не хоча ісці ў контры з Пуціным. Гэта важна – даць Расеі зразумець, што мы не ворагі, а суседзі, і што ў яе ёсць альтэрнатыва, каго падтрымліваць. Калі мы пачнем з розных бакоў ціснуць на Пуціна, ёсць шанец, што яго рэжым не стане падтрымліваць рэжым Лукашэнкі. Я назіраю хвалі абурэння, калі нехта больш-менш лаяльна ставіцца да Пуціна, асабліва ва Украіне, дзе яго імя служыць лакмусавай паперкай. Але мы павінны разумець, што менавіта дзякуючы Пуціну Лукашэнка адчувае сябе моцным і здзяйсняе свой генацыд.

Ля станцыі метро Няміга ў Менску. 23 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

– Як вы для сябе тлумачыце зацятае трыманне Лукашэнкі за ўладу?

– Я нават не хачу абмяркоўваць паводзіны гэтай субстанцыі. Я бачу проста хворага на галаву, таму гэта як абмяркоўваць паводзіны пацыента «Навінак». У псіхіятрыі ёсць тэрмін «уцягванне ў трызненне» – мы спрабуем разабрацца ў тым, што не можа зразумець нармальная галава. Тут узгадвалі яго першую інаўгурацыю побач з бел-чырвона-белым сцягам: ужо тады было бачна, што гэта не чалавек – у яго такія вочы, ён стаіць са сваімі вусамі. Я думаю, як жыць тым, хто прывёў да ўлады гэтую істоту? Гэта магла б быць такая краіна, мы маглі б так жыць, а колькі чалавечых жыццяў не было б загублена і зламана. Гэта нават ўяўляць жахліва. Мы апынуліся ў трагедыі. Гэта не той чалавек, які збяжыць у Растоў – ён будзе сядзець да канца і тапіць з сабой сваіх прыслужнікаў. Няма месца на зямлі, куды б ён мог збегчы ад таго, што нарабіў.

– Наколькі ў нас вялікая розніца паміж грамадствам і ўладамі?

– Я не ведаю, як пасля перамогі мы будзем жыць з гэтымі людзьмі, куды амапаўцы і свіныя рылы чыноўнікаў падзенуцца. Спадзяюся, далёка з вачэй. Яны ўсе нават выглядаюць, як браты сапраўды ад аднаго бацькі. Рэктар Акадэміі мастацтваў і міністр культуры – як маці і сын, Каранік – нейкі мульцяшны персанаж. І там усё такое. Такія людзі намі кіруюць – бачыш твар і адчуваеш як мінімум недавер. Не ведаю, куды яны падзенуцца, і гэта насамрэч не наша праблема – хай яны думаюць, куды падзенуцца за ўсе свае ўчынкі.

– Як для вас беларусы адкрыліся за апошнія месяцы?

– Я не чакала такога абуджэння. У мяне ёсць песня «Zombie nation, itʼs my generation»: пасля 2010 года ці 2015-га мне здавалася, што беларусы – маўклівая, санлівая, абыякавая зомбі-нацыя. А падчас сёлетняй перадвыбарчай кампаніі я была ў ініцыятыўнай групе, збірала подпісы і шмат чаго рабіла – я бачыла, як абуджаюцца твары ў людзей усіх узростаў і прафесій, што нас становіцца ўсё больш і больш. Гэта вельмі натхняе і захапляе, прычым не толькі беларусаў – я даю па тры-чатыры інтэрв’ю ўкраінскім СМІ кожны дзень.

Ля станцыі метро Няміга ў Менску. 23 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

– Вы сказалі, цяпер не да забаўляльнага мастацтва. Але культура мусіць удзельнічаць у пратэсце. Якім мастацтва павінна быць цяпер?

– Цяпер нават шырэйшае поле для дзейнасці, гэта цэлы космас – усялякія акцыі, спевы, танцы. Раней з тэмамі у нас было складана – балота і балота. А цяпер для творцаў проста залаты час, да таго ж яны адчулі свабоду, нават калі рызыкуюць апынуцца за кратамі. Талент увогуле нельга зняволіць лукашэнкаўскім рэжымам. Без творчасці, вядома, не было б таго, што мы маем. Калі пасля перамогі мы выспімся і адпачнем, зможам прааналізаваць, як гэта ўсё працавала на пратэст – будзе тэма не для адной дысертацыі.

– Вы хочаце, каб вашы дзеці раслі ў Беларусі?

– Абавязкова, у свабоднай Беларусі.

– Як думаеце, калі зможаце вярнуцца?

– Адразу, як сыдзе Лукашэнка. Альбо яго сыдуць.

Размаўляла Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў