«Не ведаем дакладнай колькасці хворых»: у Горадні выявілі адзёр


У Горадні сярод студэнтаў выяўленыя выпадкі захворвання на адзёр. Захварэлі навучэнцы, што жылі ў адным з інтэрнатаў на бульвары Ленінскага камсамолу.

Вакцынацыя ад адзёру.
Фота: Lindsey Wasson/REUTERS/Forum

Як паведамляе БелТА са спасылкай на абласны Цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, хворых шпіталізавалі ў абласную інфекцыйную больніцу. Сюды ж з падазрэннем на адзёр змясцілі яшчэ некалькіх студэнтаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы і Гарадзенскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту.

«Гаворка пра каранцін у інтэрнаце не вядзецца», – распавялі ў абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Паведамляецца, што за асобамі, з якімі кантактавалі хворыя, арганізавана медычнае назіранне. Таксама ідзе імунізацыя раней не прышчэпленых студэнтаў і работнікаў арганізацыяў аховы здароўя.

Маштабы захворвання хаваюцца?

Разам з тым, як паведамляе тэлеграм-канал NEXTA, «каб пазбегнуць панікі сярод насельніцтва і замежных гасцей напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў» сапраўдная інфармацыя пра маштабы захворвання не паведамляецца. Паводле звестак каналу, у гарадзенскай інфекцыйнай больніцы па стане на 30 траўня знаходзяцца 19 чалавек.

Нашым карэспандэнтам прадстаўнікі больніцы даваць каментар па тэлефоне адмовіліся.

Эпіцэнтрам захворвання стаў медычны ўніверсітэт, куды адзёр з Польшчы прывёз адзін са студэнтаў.

«Студэнтаў не адпускалі дадому, прыйшлося нават задзейнічаць міліцыю, каб стрымліваць. Вакцын не хапае. У гэты панядзелак ужо ў 5-м інтэрнаце шпіталізавалі яшчэ дваіх. Сам інтэрнат закрылі на каранцін», – паведамляе NEXTA.

Студэнты чакаюць канца сесіі, каб хутчэй з’ехаць з Горадні па хатах. Заняткі ва ўніверсітэтах таксама не адмянялі.

У каментары belsat.eu першы прарэктар Гарадзенскага медычнага ўніверсітэту Віталь Вараб’ёў паведаміў, што не ведае дакладнай колькасці тых, хто захварэў. «Ведаю, што іх пакуль няшмат», – сказаў ён.

«Тое, што было агучана, тое і ёсць. Займаецца санэпідэмстанцыя. Цэнтр эпідэміялогіі і інфекцыйная больніца, калі трэба, падключаюцца», – адзначыў першы прарэктар.

Паводле яго словаў, «усё, здаецца, пад кантролем». «Паглядзім, што будзе далей», – заявіў Віталь Вараб’ёў.

Атрымаць каментар у Міністэрстве аховы здароўя не атрымалася.

Як перадаецца адзёр

Адзёр перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Каб захварэць, дастаткова пабыць у адным памяшканні з тым, хто ўжо захварэў, пры ўмове, што вы не прышчэпленыя і ў вас няма імунітэту. Інкубацыйны перыяд хваробы ад моманту заражэння да зʼяўлення сімптомаў можа доўжыцца ад 7 да 21 дня.

Першыя сімптомы адзёру нагадваюць рэспіраторную інфекцыю. У чалавека павышаецца тэмпература, зʼяўляюцца катар, кашаль, запаляюцца і чырванеюць вочы, узнікае слёзацёк. На чацвёрты дзень хваробы на твары і шыі зʼяўляецца сып, затым яна распаўсюджваецца па ўсім целе. За шэсць дзён яна падсыхае і знікае.

Hавiны
У Італіі ўступіў у сілу закон аб абавязковай вакцынацыі дзяцей
2019.03.14 11:49

Самае жахлівае ўскладненне – гэта запаленне абалонак галаўнога мозгу. Найбольш часта пнеўманіі, радзей – запаленні вока, каліты і гнойныя паразы скуры.

Прышчэпкі ад адзёру робяцца планава ў 12 месяцаў і 6 гадоў. Лічыцца, што калі вакцынацыя прайшла па правілах, то імунітэт павінен абараняць чалавека да канца жыцця. Каб гэта праверыць, можна здаць аналіз крыві і даведацца пра свой узровень антыцелаў да адзёру. У рэдкіх выпадках, чалавек, якому рабілі абедзве планавыя прышчэпкі таксама можа захварэць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў