«Не варта верыць расейскім СМІ». Блог 1863x.com разыграў расейскі «інсайдэрскі» Telegram-канал


Зянон Пазняк дапамагае Уладзімеру Макею атрымаць падтрыманне Захада, Макей дапамагае Пазняку падняць рэйтынг БНФ у Беларусі – вось такія інфармацыйныя качкі паляцелі ў інтэрнэт праз вядомы расейскі Telegram-канал «Незыгарь».

«Інсайдэрскі» канал «з крыніцамі ў Крамлі» стаў ахвярай розыгрышу з боку беларускага блога 1863x.com, які такім чынам прадэманстраваў, чаго каштуе расейская медыясфера ў беларускім пытанні.

Ці бывае гар без агню?

Тэлеграм-канал «Незыгарь» мае больш за 160 тысяч чытачоў і стаў вядомым асабліва ў гэтым і мінулым гадах праз публікацыю рознага роду чутак і больш ці менш сумнеўнай інфармацыі з кулуараў расейскай улады – ад таго, каго на якую пасаду прызначаць, да таго, хто каму прыходзіцца пазашлюбным дзіцём.

Паступова канал стаў нават крыніцай, на якую спасылаюцца расейскія дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ. Сярод чытачоў канала з’явіліся дэпутаты і міністры, журналісты і рэдактары СМІ, нават дыпламатычныя прадстаўніцтвы іншых дзяржаў.

Хто канкрэтна стаіць за каналам невядома, аднак блогеры Russia_calls на сайце «Кашин.гуру» заяўляюць, што знайшлі як мінімум аднаго чалавека – гэта дырэктар па стратэгічных камунікацыях расейскай бізнес-групы «Ренова» Андрэй Шторх.

«Ренова» знаходзіцца пад кантролем Віктара Вексельберга, самага багатага чалавека ў Расеі, які лічыцца блізкім да Уладзімера Пуціна і знаходзіцца пад санкцыямі ЗША ў сувязі з агрэсіяй Крамля супраць Украіны.

Атака на Беларусь

Хоць раней «Незыгарь» месяцамі не звяртаў да сітуацыі ніякай увагі, апошнім часам ён пачаў актыўна пісаць на беларускую тэматыку, адзначыў блог Эдуарда Пальчыса 1863x.com.

«Лукашэнка незадаволены працай Сідорскага па абароне інтарэсаў беларускай прамысловасці ў Маскве… Пуцін паказаў Лукашэнку ягонае месца… Назарбаеў гучна абураўся тым, што малодшы сын Лукашэнкі сядзіць за адным сталом з кіраўнікамі дзяржаў на саміце ШАС [Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва – АГ] у Кітае… Праз беларускі ІТ і вольны рынак крыптавалюты ідзе адмыў грошаў» – прыкладна такія «пазітыўныя» навіны стаў пашыраць «Незыгарь» у 2018 годзе.

Апошняй кропляй стаў «інсайд» пра тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі быў інсульт. Аднак, улічваючы ключавую ролю гэтай асобы ў сістэме сучаснай беларускай улады, распаўсюджванне такіх чутак цягне ўжо на паўнавартасны напад не толькі на самога Лукашэнку, але ўжо і зʼяўляецца пагрозай усёй дзяржаве.

«На жаль, нават тыя беларусы, якія лічаць сябе дэмакратычнымі і прагрэсіўнымі, намёртва прыкручаныя да расейскай медыясферы. Яны жывуць навінамі Масквы куды больш, чым навінамі Менску», – адзначае 1863x.com. Адпаведна, зʼявілася ідэя паказаць, як мала можна верыць любым расейскім «аўтарытэтам».

«Алекс – Юстасу»

«Незыгарю» быў адпраўлены ліст поўны відавочна непраўдзівай інфармацыі. «Мы сталі пісаць у духу камедыйнай канспіралогіі, якая рассмяшыць любога, хто адсочвае беларускія рэаліі. Дастаткова было захоўваць рыторыку ўмоўных працоўных малпачак Рэгнуму [расейскі беларусафобскі інтэрнет-партал]», – гаворыцца ў паведамленні 1863x.com.

І «Незыгарь» клюнуў.

Зліў «інфармацыі ад бліжэйшага атачэння Пазняка». Скрыншот 1863x.com

«Было цяжка паверыць, што яны павядуцца. Пара запытаў у Гугл, лёгкі факт-чэкінг, і ўжо можна было падазраваць няладнае. Той жа Зянон Станіслававіч ніколі не падтрымліваў Хілары Клінтан і жорстка крытыкаваў Дэмакратычную партыю ЗША», – піша беларускі блог.

Інфармацыйная гігіена

«Незыгарь» зараз ужо выдаліў паведамленне пра «супрацу Пазняка і Макея», аднак толькі што апублікаваў «інсайд» пра самаго Эдуарда Пальчыса – быццам бы агента беларускага КДБ.

«Гадамі пішу, што працую на ААЦ [Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі – АГ]. Нават тут не змаглі нармальны даць інсайд і факт-чэкінг правесці. І, сапраўды, КДБ – ДЗЕ МАЕ ГРОШЫ?» – жартоўна пракаментаваў Пальчыс.

1863x.com адзначае, што расейскія СМІ ўсё больш увагі сталі надаваць антыбеларускай прапагандзе, распаўсюду фэйкавай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі для расейскіх чытачоў. Ускосна, але даволі моцна гэта ўплывае і на расейскамоўных беларусаў, якія засталіся ў расейскай інфармацыйнай прасторы.

«Ужо які год у сацсетках мы імкнемся данесці простую думку: расейская медыя-прастора ілжывая, таксічная, шкодная для мозга і псіхікі», – піша 1863x.com.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў