«Не трэба вякаць». Лукашэнка прыгразіў Расеі самастойнай абаронаю мяжы


Падчас нарады ў Лукашэнкі.
Фота: president.gov.by

Кіраўнік Беларусі 14 лістапада падчас справаздачы старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту і дзяржсакратара Савету бяспекі абмеркаваў супрацу беларускага ды расейскага памежных ведамстваў і прыгразіў, што не перазаключыць пагаднення пра ахову мяжы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь на 100 % выконвае свае абавязкі паводле дамовы 1995 года. Больш за тое, паводле яго, «памежнае ведамства Беларусі проста ў разы больш эфектыўна працуе на сумесных межах», паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка Беларусі.

«Што за абсурд?»

Разам з тым ён заявіў пра праблемы з расейскім бокам. Гэтак, не ўсе грамадзяне трэціх краін, нават маючы расейскую візу, бесперашкодна праязджаюць беларуска-расейскую мяжу. Часам іх вяртаюць назад на латвійска-расейскую ці нават украінска-расейскую мяжу.

ВІДЭА
Лукашэнка «прадае» Пуціну амерыканскія танкі на мяжы Беларусі
2019.10.26 09:58

«Што гэта за абсурд? І гэта пытанне з расейцамі трэба вырашаць», – падкрэсліў Лукашэнка.

Яшчэ адной праблемай ён назваў чэргі грузавога транспарту на беларуска-расейскай мяжы, якія дасягаюць 10 і больш кіламетраў. Паводле кіраўніка Беларусі, правераныя беларускім бокам фуры зноў выстройваюць на памежны, мытны, фітасанітарны і кантроль.

«Навошта? Лішнія хабары? Мы ж ведаем, як яны працуюць, я прэзідэнта Расеі інфармаваў пра гэта», – дадаў ён.

«Беларусы – не гіра на нагах»

У выніку Лукашэнка даручыў палічыць, чаго Беларусі каштуе абарона сумеснай мяжы. Гэтак ён нагадаў, што нядаўна Беларусь закупіла ў Расеі самалёты Су-30см за «каласальныя грошы».

«Я не да таго, што мы не будзем выконваць свае функцыі. Я да таго, што не трэба вякаць у сродках масавай інфармацыі і нават ужо на дзяржаўным узроўні, што беларусы – гіра на нагах», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Паводле яго, трэба звесці гэтыя пытанні і паказаць расейскаму грамадству, што «ніякія беларусы не нахлебнікі», а расейцу ў Беларусі лепш, чым у Расеі.

Hавiны
Зась расказаў, як Расея хацела паставіць у Беларусі сваю базу
2019.11.14 06:56

Лукашэнка падкрэсліў, што калі кіраўніцтва РФ не пагодзіцца з беларускімі ўмовамі, тады Менску давядзецца «дзейнічаць, абараняючы свае інтарэсы ад імя Рэспублікі Беларусь, у адзіночку».

Беларусь хоча змяніць дамову

Па выніках нарады дзяржсакратар Савету бяспекі Станіслаў Зась заявіў, што Беларусь ініцыюе ўнясенне змяненняў у дамову з Расеяй аб узаемных намаганнях у ахове мяжы. Паводле яго, дакумент «патрабуе актуалізацыі і ўзмацнення», піша БелТА.

Дзяржсакратар адзначыў, што некаторыя палажэнні дамовы выконваюцца фармальна або не ў той ступені, як гэта трэба. Гэта сумесныя намаганні па развіцці інфраструктуры, па аснашчэнню сіл і сродкаў, якія прыцягваюцца для аховы дзяржаўнай мяжы.

Зась таксама падкрэсліў, што праз адкрытую мяжу з Расеяй незаконныя мігранты спрабуюць пранікнуць у Беларусі. Акрамя таго, асноўны паток кантрабанды наркотыкаў накіроўваецца ў Расею. А дадатковыя пункты кантролю з расейскага боку б’юць па транзітнай прывабнасці Беларусі. Не бачыць дзяржсакратар сэнсу і ў пашпартным кантролі замежнікаў на беларуска-расейскай мяжы.

Зась заклікаў падчас працы над папраўкамі ў дамову шукаць такія сумесныя дзеянні забеспячэння бяспекі, якія не будуць ствараць праблем перасячэння мяжы.

«Гэта палітычны торг»

У каментары belsat.eu эксперт «Belarus security blog» Ягор Лебядок адзначыў, што такімі сваймі заявамі Лукашэнка проста спрабуе «набіць сабе кошт».

«Гэта такі палітычны торг. Звычайны падчас перамоваў пра кошт на нафту і газ напрыканцы году», – заявіў ён.

Hавiны
Расея не хоча даваць грошы Беларусі: налета не будзе кампенсацыі за «перамытненне» нафты
2019.11.04 15:24

Паводле яго, законапраект пра дэнансацыю дамовы з Расеяй пра мяжу паступіў у Палату прадстаўнікоў яшчэ некалькі месяцаў таму. І толькі зараз гэтым скарысталіся ў палітычных мэтах, падкрэсліў суразмоўца.

На ягоную думку, простай дэнансацыі дамовы не будзе, а яе паспрабуюць актуалізаваць пад сучасныя патрэбы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў