Не толькі сэрцам, але і галавой

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сапраўды пакрыўдзіўся. Ніколі раней ён не агучваў публічна тыя мянушкі, якія чапляліся яму пратэстным рухам. Ніколі ён не выказваўся, напрыклад, пра «лысую резину», а вось «Таракан» ды «Саша 3 %» яго зачапілі так, што ён не стрымаўся ў Берасці і выказаўся, рэзюмуючы: «Я пакуль што дзейсны прэзідэнт. Ні ў адной краіне не дазволена абражаць людзей».

Hавiны
Лукашэнка – берасцейцам: «Да вы хоць верыце, што ў дзейнага прэзідэнта 3%?»
2020.06.23 07:43

Можа тут і агаворка па Фрэйду: маўляў, пакуль што «дзейсны прэзідэнт», то чалавек… але і сам кіраўнік дзяржавай не скупы на эпітэты. «Хряк», «Шелудивый», «Пузатый буржуй» – было выказана нібыта мімаходзь, але ўсе зразумелі пра каго ішла размова. І трэба пагадзіцца: сапраўды, нельга абражаць людзей. І нават тых, каторыя не дзейсныя прэзідэнты. Бо калі «Саша 3 %» – гэта абраза, то чаму «Шалудзівы» – не?

Напэўна справа ў тым, што – Quod licet Jovi, non licet bovi («Што дазволена Юпіцеру, не дазволена быку»). Любы аўтарытарны рэжым трымаецца не толькі на страху і папулізме, але і на харызме і аўтарытэце кіруючага «альфа-самца». Вось чаму гэты «Саша 3 %» гэтак зачапіў за жывое, бо цалкам дэсакралізаваў вобраз «беларускага правадыра», якога падтрымлівае большасць, які мае непахісны аўтарытэт.

Не ведаю наколькі рэальны свет, які малюе Аляксандру Рыгоравічу бліжэйшае чыноўніцкае азяродзе, але і сам кіраўнік рэспублікі – не лялька ў руках міністраў. Таму, не проста так забаронена агучваць рэйтынгі прэтэндэнтаў у прэтэндэнты. Усе ўсё пачынаюць разумець. Іншая справа, што тутэйшая «машына кіравання» настолькі «атлусцела» у сваёй нахабнасці, што не дае рады на нейкія крокі, каб рэфармавацца. Хаця бы дзеля таго, каб часова «спусціць пар»! Не, замест гэтага ідзе новае раскручванне рэпрэсіяў і запужвання. І ў гэтым, як не дзіўна, ёсць нейкая надзея. Старыя метады пачалі моцна прабуксоўваць.

Пры гэтым, трэба сапраўды пагадзіцца з кіраўніком дзяржавы: рэйтынг яго значна вышэйшы, чым 3 %. Падабаецца ці не, але гэта праўда. Чытачы tut.by не складаюць абсалютную большасць беларускага грамадства, і таму няма падставаў сёння казаць пра 97 % людзей, якія жадаюць пераменаў. Так, большасць ужо не на баку Лукашэнкі, але наколькі гэтая большасць гатовая адстойваць сваю пазіцыю? Мне падаецца, што беларускае грамадства знаходзіцца на дадзены момант у стане фрустрацыі. Ніхто не ведае што рабіць, бо абсалютная большасць не хоча браць на сабе адказнасць. Дагэтуль яшчэ моцная вера ў тое, што ўсё нейкім дзіўным чынам вырашыцца. Прыляціць раптам чараўнік на блакітным верталёце, і вуаля! І гэта трохі пужае, бо сітуацыяй могуць скарыстацца нейкія вонкавыя сілы. Вось, напрыклад, на апытанні блогераў Ігара і Сяргея пару разоў прагучала кшталту «вось за Пуціна бы я б аддаў голас». Якога такога лешага? Пры чым тут Пуцін? А ўсё ў тым, што некаторым падаецца, што ў заморскага «альфа-пеўня» грэбень больш чырвоны!

Народ ужо не хоча быць «народцем», але ўсё пакуль што толькі на эмацыйным узроўні. Сэрцам разумеем. А галавой? Каб зразумець і галавой, трэба памятаць, што ўсе мірныя перамены не зваляцца з неба ў выглядзе падарунка. Перамены – гэта цяжкая карпатлівая праца. У першую чаргу, кожнага чалавека над самім сабой – сваім страхам, эгаізмам, пафігізмам, безадказнасцю за лёс краіны і народа. Людзі розных нацыянальнасцяў, сацыяльных статусаў, рэлігійных і палітычных поглядаў, эканамічнага дабрабыту, павінны пачаць спрабаваць аб’яднацца, вучыцца дыскутаваць, паважаць адзін аднаго, пачаць разумець што мы не толькі людзі, але ўсе разам – адзіны народ! І ніякі палітык, ніякі правадыр ці чараўнік не зменіць сітуацыю, акрамя народа. І калі не змяніць «галаву», то сістэма не зменіцца. Проста прыйдзе новы дыктатар.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў