Не толькі «бабло і мерседесы». Топ «хаацічэскіх» цытатаў


Беларускія сацсеткі актыўна абмяркоўваюць нататкі пра «бабло і мерседэсы», зробленыя былым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Дражыным падчас нарады ў Лукашэнкі. Belsat.eu сабраў топ дзіўных і смешных выказванняў чыноўнікаў за апошнія гады.

«Бабла мала, мерседэсаў няма, цёлкі на задне…» – гэтая фраза, запісаная Дражыным у нататнік падчас нарады па развіцці летніх відаў спорту трапіла на відэашэраг АНТ. На дадзены момант на Youtube відэа недасяжнае.

Затое скрыншот імгненна разышоўся па сацсетках, дзе карыстальнікі пыталіся – а які працяг? Адказу наконт «цёлак» няма, затое некаторыя чыноўнікі, якія былі на нарадзе пацвердзілі журналістам Радыё «Свабода», што словы пра «мерседэсы» сапраўды прагучалі з вуснаў Лукашэнкі ў кантэксце «дасягнуў высокага выніку ў спорце – маеш права жыць па сродках», а пад недахопам «бабла» мелася на ўвазе ашчаджэнне бюджэту.

Дзяржаўныя функцыянеры час ад часу выдаюць падобныя перлы. Прыгадваем, над чым смяяўся байнэт у мінулыя разы.

Калінін і «трафікі»

Інтэрв’ю віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна на выставе TIBO-2016 стала мэмам, дзякуючы ягонаму выказванню пра «самыя сучасныя трафікі». Ён падлічыў колькасць інтернет-карыстальнікаў у краіне і адзначыў высокі ўзровень развіцця ІТ-тэхналогіяў.

«…Створаны рэсурс, які дазваляе любому карыстальніку выкарыстоўваць самыя сучасныя трафікі для ўкаранення, інтэграцыі і развіцця сваіх магчымасцяў і попыту інтарэсу», – сказаў Калінін.

Імаверна, чыноўнік меў на ўвазе новыя стандарты мабільнай сувязі (4G). У выніку атрымаліся бессэнсоўныя «трафікі», якія ўсіх насмяшылі.

«Хаацічэская» Каткавец

Былая першая намесніца міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Каткавец, распавядаючы пра цэнаўтварэнне, ужыла словаспалучэнне «хаотические цены». Пры яе вымаўленні з беларускім акцэнтам гэта гучала як «хаацічэскія». З таго часу, калі беларусы не могуць патлумачыць рост коштаў на тавары, яны прыгадваюць выказванне Каткавец.

У 2015 годзе з’явілася відэа, на якім Надзея Каткавец абмяркоўвае моду. Вось фрагмент цытаты:

«Сёння трэба хутчэй казаць пра трэнд, чым пра антытрэнд, бо фактычна, мабыць, антытрэнд цяжка прыдумаць і ён наўрад ці існуе ў цяперашніх сітуацыях. Чаму? Бо, у прынцыпе, моднае ўсё тое, што прыгожа, а ў кожнага чалавека свая прыгажосць, а значыць свая мода, свае трэнды, свае брэнды».

Цяпер Каткавец працуе топ-мэнеджэрам у Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.

Ангельская мова Мясніковіча

У 2012 годзе старажыл дзяржслужбы Міхаіл Мясніковіч на пасадзе прэм’ер-міністра наведаў з візітам адну з менскіх школаў.

Ён прыйшоў на ўрок ангельскай мовы і запытаўся: «Хау а ю, дзеці?». Вучні, канешне, на пытанне адказалі таксама смешна «Ві а вэрі мач», але мэмам усё роўна стала дэманстрацыя Мясніковічам ведання замежнай мовы.

Тур і жыццё «не па сродках»

У 2011 годзе, калі Беларусь ахапіў эканамічны крызіс і адбылася рэзкая дэвальвацыя, тагачасны намеснік міністра эканомікі парэкамендаваў «жыць па сродках».

Калі ў яго пацікавіліся на камеру, што рабіць у такой сітуацыі, Тур адрэагаваў просьбай «адваліць» і «памаўчаць», а потым дадаў кароннае «Ты жывеш не па сродках».

У той час гэта было зусім не смешна, а заява выклікала хвалю крытыкі на адрас чыноўніка.

Ладуцька і аб’ектыўнасць

Варта адзначыць, што мала хто з беларускага чынавенства здольны камунікаваць з прэсай без штампаў і коснаязыкасці. Не пазбег гэтай праблемы і былы старшыня Менгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Часам нават дзяржаўным СМІ было цяжка зразумець, што ж менавіта хацеў сказаць Ладуцька.

Гэтак, у адным з інтэрв’ю БТ ён заклікаў «быць аб’ектыўнымі дзеля аб’ектыўнасці», каментуючы сітуацыю з забеспячэннем насельніцтва жыллём.

«Горад ушчыльняўся і будзе ўшчыльняцца, нашая задача – не дапусціць пераўшчыльнення», – казаў экс-кіраўнік Менску ў 2012-м.

Боршч Ярмошынай

Класіка беларускага палітычнага гумару: жанчына ў палітыцы раіць жанчынам не лезці ў палітыку.

Пасля разгону Плошчы 19 снежня 2010 года ўсіх шакавала парада старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай жанчынам «варыць боршч, але не па плошчах бадзяцца».

«…Уявіце сабе двух сябровак, якія сядзяць за кавай і абмяркоўваюць, хто стане прэзідэнтам ЗША. Ды ім гэта ў галаву не прыйдзе! Жанчын цікавіць канкрэтыка. Вось выйсці замуж – гэта вынік. Пашыць сукенку, спячы торцік – таксама вынік. Жанчына па сваёй прыродзе апалітычная. Дарэчы, прыстойны чалавек – заўсёды апалітычны», – дзялілася сваймі поглядамі Ярмошына.

Імаверна, потым яна зразумела, што заява пра несумяшчальнасць прыстойнасці з палітыкай выглядала самакрытычна. Праз пяць гадоў чыноўніца змяніла меркаванне:

«Жанчына – гэта такі ж самы чалавек, як мужчына. Гэта такі ж самы выбарнік. А ў сацыяльным плане жанчына звычайна адыгрывае нават больш актыўную ролю за мужчын. І я веру, што ў нейкім часе ў нас кіраваць будзе жанчына».

Застаецца здагадвацца – ці не сябе мела на ўвазе Ярмошына?

Шуневіч і адэкватнасць

Сёлета ў байнэце выбухнуў ролік, запісаны МУС, дзе падлетак спачатку б’е статую гарадавога ў Менску, а потым перад ёй выбачаецца.

Грамадскасць запрапанавала выбачацца перад усімі помнікамі, да якіх калі-небудзь у жыцці дакраналіся. Самыя смелыя спрабавалі пацалаваць гарадавога і павязаць яму цёплы шалік. На кожную спробу міліцыя рэагавала імгненна, падбягаючы да кожнага, хто занадта цікавіцца гэтай скульптурай.

Праз некаторы час міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў журналістам, што ролік з выбачэннямі быў ягонай ідэяй. На пытанне навошта, ён адказаў: «Затем».

«Калі б гэта было дзіўным, я б гэтага не рабіў, я адэкватны чалавек», – выказаўся Шуневіч.

Канешне, выбачацца перад прадметам – адэкватна. Як тут паспрачаешся?

КА, belsat.eu

Стужка навінаў