Не працуе транспарт, зачыненыя крамы, на вуліцах – БТРы. Што медыі пішуць пра сітуацыю ў Кітаі


На фоне выбуху новага тыпу каронавірусу ў Кітаі, ад якога загінулі ўжо 26 чалавек і больш за 800 захварэлі, буйныя гарады Ўу-Хань і Хўан-Ган закрытыя на каранцін, яшчэ ў 10 паселішчах абмежаваны рух транспарту. Мы сабралі самае важнае, што сусветныя медыі і тэлеграм-каналы паведамляюць пра ахоплены эпідэміяй Кітай.

Вайсковая тэхніка на вуліцах Ўу-Хань

У сераду кітайскія вайскоўцы перакрылі выезды з гэтага гораду ў правінцыі Хубэй, які лічыцца эпіцэнтрам смяротнага вірусу. Тут перакрытыя ўсе магістралі, спынены грамадскі транспарт. Кітайскія ўлады сцвярджаюць, што робяць гэта, каб спыніць распаўсюд інфекцыі.

Аб’екты інфраструктуры і вуліцы кантралююць вайскоўцы і паліцыя. Як бачна на відэа, знятым ва Ўу-Хані, выведзеная вайсковая тэхніка.

Недахоп прадуктаў і зачынены McDonald’s

У пяці гарадах правінцыі Хубэй зачыняюцца рэстарацыі хуткага харчавання McDonald’s, паведамляе Reuters. Кітайскае падраздзяленне кампаніі прыняла такое рашэнне 24 студзеня.

Прадукты на паліцах шматлікіх крамаў актыўна разбіралі ў першыя дні блакады. Цяпер мясцовыя жыхары выказваюць заклапочанасць рэзкім павышэннем коштаў на тавары і баяцца недахопу ежы, піша Бі-бі-сі.

Фота Getty Images

Таксама зачыненыя ўсе кавярні, рэстарацыі, гандлёвыя цэнтры ды іншыя месцы канцэнтрацыі людзей, такія як музеі, тэатры, бібліятэкі.

Улады будуюць новы шпіталь

Для інфікаваных каронавірусам улады Кітаю прынялі рашэнне тэрмінова пабудаваць новы шпіталь, бо шпіталі ва Ўу-Хані і Хуангане на дадзены момант перапоўненыя.

Як перадае NY Times, жыхары гораду скардзяцца на «гадзіны чакання» у чэргах да медыкаў, а тым, у сваю чаргу, бракуе ложкаў для пацыентаў і аднаразавых прыбораў для аналізаў.

Hавiны
Колькасць памерлых ад каронавірусу ў Кітаі вырасла да 26 чалавек
2020.01.24 07:01

Паводле словаў міністра фінансаў, правінцыі Хубэй выдзелілі каля 144 мільёнаў долараў (мільярд юаняў) на змаганне з вірусам. Новы шпіталь мусіць паўстаць цягам 6 дзён, піша газета кіруючай Камуністычнай партыі People’s Daily.

Свята не будзе, нават у Пекіне

Паводле інфармацыі медыяў, улады Кітаю таксама прынялі рашэнне адмяніць усе маштабныя мерапрыемствы ў Пекіне, прымеркаваныя да святкавання Новага года па месяцавым календары 25 студзеня. Масавыя гулянні і традыцыйныя кірмашы ў сталіцы будуць скасаваныя.

Фота Getty Images

Турысты, якія вандруюць у час навагодніх канікул, не змогуць наведаць шматлікія цікавыя мясціны, напрыклад, палацавы комплекс «Забаронены горад» у Пекіне.

Праз зачыненыя аэрапорты многія апынуліся заблакаваныя ў горадзе. Як паведамляе Bejing News, да закрыцця транспартных шляхоў, Ўу-Хань паспелі пакінуць каля 300 тысяч чалавек.

Фота Getty Images

Глабальнай надзвычайнай сітуацыі пакуль няма

Сусветная арганізацыя здароўя ў пятніцу вырашыла не абвяшчаць рэжым глабальнай надзвычайнай сітуацыі, перадае Associated Press.

Яе абвяшчэнне магло б павялічыць рэсурсы для барацьбы з эпідэміяй, але нанесла б вялікую школу эканоміцы.

Да таго ж, паводле меркавання экспертаў, пра глабальны характар захворвання гаварыць пакуль рана.

Hавiны
У дзяўчыны, што вярнулася з Кітаю і трапіла ў шпіталь, звычайны грып
2020.01.24 09:52
  • Сачыць за распаўсюдам хваробы па свеце можна на адмысловым сайце.

КА belsat.eu

Стужка навінаў