Не першы раз: топ зацягнутых і дзіўных выбараў у амерыканскай гісторыі

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Некалькі дзён у ЗША не было вядома, хто перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Хоць кандыдат ад Дэмакратычнай партыі Джоў Байдэн быццам абыходзіць свайго суперніка, рэспубліканца Доналда Трампа, працэдура афіцыйнага абвешчання пераможцы, улічваючы магчымы пералік галасоў і спрэчкі ў судах, можа заняць яшчэ тыдні, калі не месяцы.

Якімі былі іншыя праблемныя выбары прэзідэнта ў амерыканскай гісторыі, і як грамадзяне ЗША выходзілі з такіх сітуацый?

«Рэвалюцыя» з-за блытаніны

Ад самага пачатку ЗША былі краінай, якая не падзеленая на нейкія адміністрацыйныя адзінкі, а была канфедэрацыяй асобных адзінак. І каб захаваць самастойнасць гэтых адзінак (штатаў) у важных для іх пытаннях, адразу былі арганізаваныя выбары з дзвюх ступеняў – спачатку ўнутры штатаў людзі абіралі вызначаную колькасць электараў, а тыя ўжо галасавалі за таго ці іншага кандыдата на вышэйшую пасаду ў краіне.

Дзень выбараў у ЗША. Карціна Джона Крымеля, 1815 г. Крыніца: wikimedia.org

У 1800 годзе ў ЗША адбываліся выбары прэзідэнта ў 4 раз. Тады краіна складалася з 9 штатаў. За месца прэзідэнта змагаліся два айцы-заснавальнікі дзяржавы – Томас Джэферсан і Джон Адамс. Пры гэтым па тагачаснай рэдакцыі канстытуцыі ЗША электары мелі па 2 галасы, аднак галасаваць можна было толькі за прэзідэнта, а віцэ-прэзідэнтам рабіўся чалавек, які б атрымаў другое месца.

Прыхільнікі Джэферсана дамовіліся галасаваць так, каб Джэферсан стаў прэзідэнтам, а ягоны таварыш па партыі Бер – віцэ. І чыста арыфметычна ў іх магло б гэта прайсці, каб пара чалавек проста не заблыталіся, за каго хто канкрэтна галасуе. У выніку Бер і Джэферсан набралі роўную колькасць галасоў, і вынік выбараў вырашала Палата прадстаўнікоў.

Выбары, якія прывялі да палітычнага крызісу, зменаў у канстытуцыі і ў партыйнай сістэме, атрымалі ў гістарыяграфіі назву «Рэвалюцыя 1800 году».

Галасы «з магілы»

У 1872 годзе першы раз у гісторыі ЗША жанчына Вікторыя Вудхал стала кандыдатам у прэзідэнты, а афраамерыканец Фрэдэрык Даглас – кандыдатам у віцэ-прэзідэнты. Аднак выбары былі дзіўнымі не з гэтай прычыны.

Гарацый Грылі быў ужо пажылым чалавекам, але змог аб’яднаць вакол сябе многіх апанентаў Улісу Гранту. Крыніца: wikimedia.org

Галоўным супернікам героя Грамадзянскай вайны ў ЗША Уліса Гранта на выбарах быў выдаўца газеты Гарацый Грылі, які абʼяднаў вакол сябе частку незадаволеных рэспубліканцаў, а таксама сябраў Дэмакратычнай партыі, якая падчас вайны выступала за захаванне нявольніцтва ў краіне, а пасля стала асновай для ку-клукс-клану.

Аднак 29 лістапада, ужо пасля галасавання грамадзянаў, але яшчэ да галасавання электараў, Грылі памёр. У выніку ягоныя электары галасавалі за 4 розных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта і 8 розных кандыдатаў на пасаду віцэ-прэзідэнта.

На выбарах перамог Уліс Грант.

Новая грамадзянская вайна?

У 1876 годзе ў ЗША былі новыя выбары, і на іх дэмакрат Сэмуэл Тылдэн перамог рэспубліканца Ратэрфорда Хейса і па колькасці агульных галасоў, і па колькасці галасоў у калегіі электараў. Аднак у 4 штатах вынікі выбараў аспрэчваліся, а на поўдні ЗША ўвогуле абедзве партыі вінавацілі адна адну ў фальсіфікацыях.

Хейс ваяваў падчас Грамадзянскай вайны і атрымліваў баявыя раненні. Крыніца: wikipedia.org

Такая сітуацыя не мела ані прэцэдэнту ў гісторыі краіны, ані адпаведнага закону для вырашэння. Таму абедзве партыі дамовіліся стварыць камісію з 15 чалавек – 7 рэспубліканцаў, 7 дэмакратаў і 1 прадстаўнік незалежных выбарцаў. Гэтай камісіі далі 20 галасоў электараў, якія яна мелася справядліва падзяліць паміж кандыдатамі.

Аднак прадстаўнік «незалежных» знянацку аказаўся зацятым рэспубліканцам і ворагам расісцкай у той час Дэмакратычнай партыі. І ў выніку 20 галасоў адышлі рэспубліканцу Хейсу. Дэмакраты першапачаткова абурыліся, аднак негалосна пагадзіліся на прэзідэнцтва Хейса, калі з паўднёвых штатаў будуць прыбраныя федэральныя войскі, якія там заставаліся з часоў вайны.

Такім чынам поўная ўлада ў паўднёвых штатах паступова вярнулася да Дэмакратычнай партыі, а былым нявольнікам у выніку прыйшлося амаль 100 наступных год жыць ва ўмовах сегрэгацыі і парушэння базавых грамадзянскіх правоў.

Перамога, якую вызначылі ўсяго 537 галасоў

Сённяшняя сітуацыя ў ЗША, магчыма, будзе больш падобная ў выніку да падзей 2000 году, калі змагаліся за вышэйшую пасаду ў дзяржаве Джордж Буш малодшы і Эл Гор.

Вельмі напружаная гонка прывяла да таго, што вынік выбараў вызначаўся падлікам галасоў толькі ў адным штаце – Флорыда. Паказчыкі былі такія блізкія адзін ад аднаго, што спачатку было абвешчана, што тут перамог Гор, а пазней – Буш.

Гор ужо нават патэлефанаваў Бушу і прызнаў сваю паразу, але потым забраў сваю заяву назад.

Карта вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2000 годзе ў ЗША. Чырвоным пазначаныя штаты, якія падтрымалі рэспубліканцаў, сінім – дэмакратаў. Крыніца: wikipedia.org

Спачатку галасы пералічылі 10 лістапада – Буш перамог Гора на 327 галасоў. Потым 12 лістапада прайшоў пералік яшчэ ў частцы штата. Юрысты абодвух бакоў пачалі бітву ў судзе за і супраць далейшага пераліку. Аднак аніводны пералік не даваў перавагі Гору. Канчаткова Буш атрымаў у штаце на 537 галасоў больш, чым прадстаўнік Дэмпартыі. 9 снежня Вярхоўны Суд ЗША загадаў спыніць пералік.

Толькі 13 снежня – больш чым праз месяц пасля выбараў – грамадзяне ЗША нарэшце даведаліся, што іхным новым прэзідэнтам будзе рэспубліканец Джордж Буш. Штосьці аналагічнае можа адбыцца і зараз.

Аляксандр Гелагаеў

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў