«Не магу заставацца ў баку». Як менчукі аб'ядноўваюцца праз праблемы з вадою


Сёння ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы пачаліся праблемы з пітною вадою. Жыхары наракалі на рэзкі пах і пякоту. Хутка быў арганізаваны падвоз вады ў цыстэрнах. Але іх не хапала, таму людзі пачалі самастойна дапамагаць адно аднаму.

Водны краудфандынг

Ужо праз пару гадзінаў, як сталі вядомымі праблемы з вадою, у Telgram з’явіўся чат «Взаимопомощь с водой Минск». Прынцып працы просты: каму вада зараз патрэбная – піша аб гэтым, і на заклік адгукнуцца той, хто можа неяк дапамагчы. Даць чыстую ваду, прывезці купленую з крамы або нават пусціць у душ.

Стваральнік чату Уладзімір прыдумаў такую ідэю, калі не здолеў вымыць рукі ў гасцях. Потым даведаўся, што знаёмыя заграслі без вады, а сваякі прыязджалі да яго выкупаць немаўлятка.

Ён пабачыў праблему і ацаніў магчымыя сцэнары развіцця падзеяў. Уладзімір мае ваду з уласнай свідравіны, якой мог падзяліцца. Для «воднага краудфандынгу» вырашыў выкарыстаць Telegram.

«Падаецца, карыстальнікі асабліва ўжо і не спадзяюцца на аператыўную дапамогу дзяржавы. Большасць асэнсоўвае, што праблемы грамадзянаў з вадою – гэта адна рэчаіснасць, а прыймальная якасць вады ў сюжэце – паралельная», – кажа ён.

Таксама дапамогу прапаноўваюць у чаце «Hackerspace», і ў чаце «Минск 97%».

Смятаюць ваду з паліцаў

Настасся Казімірка-Кірылава нарадзілася ў Маскве, а жыве ў Менску ўсяго 3 месяцы.

«Але калі ў горадзе катастрофа, а ў мяне пад бокам вялікая крама, то я не магу заставацца ў баку. У нас у раёне была падобная аварыя ў 2005 годзе», – прыгадвае дзяўчына.

Яна набыла некалькі дзясяткаў пяцілітровых бутэлек з вадою. Кажа, што ў крамах ваду размятаюць на вачах. Амаль усе людзі на касе закупаюцца вадой.

Пяцілітровых бутэлек амаль што не засталося.
Фота: Настасся Казімірка-Кірылава
Людзі актыўна пачалі скупаць ваду.
Фота: Настасся Казімірка-Кірылава

Жыхарка Менску Ірына таксама вызвалася дапамагчы з вадою ахвотным. Яна кажа, што людзі баяліся браць ваду.

«А вы проста так прывезлі, адкуль яна, гэта бяспечна? Колькі мы вам вінныя? Вазьміце пустыя бутлі наўзамен!», – смяецца яна.

Менчукі вязуць бутэлькі з вадою адно аднаму.
Фота: belsat.eu

А тым часам менчукі выстройваюцца ў вялізныя чэргі па ваду.

Менчукі стаяць у чэргах па ваду. Фота: belsat.eu
Менчукі стаяць у чэргах па ваду. Фота: belsat.eu
Менчукі стаяць у чэргах па ваду. Фота: belsat.eu
Менчукі стаяць у чэргах па ваду. Фота: belsat.eu

І за некаторымі з іх пільна сочаць з сініх бусаў міліцыянты з рацыямі.

Сёння ў шматлікіх раёнах Менску жыхары пачалі наракаць на якасць вады. Прадстаўнікі Менгарвыканкаму заявілі, што аніякіх шкодных рэчываў не было знойдзена, а ўсе праблемы са смуродам – за высокай тэмпературы.’

Усе праблемы абяцалі выправіць да заўтрашняга дня. Таксама ўлады абяцалі зрабіць пераразлік жыхарам найбольш праблемных раёнаў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў