«Не крыўдуйце, калі мы вам не патэлефануем». Як праходзіў адбор на «Міс-Магілёў-2019»


«Як чалавек, які робіць моду ў гэтай краіне, я вас заклікаю: не фарбуйце вы валасы. На дварэ 2019 год, а вы валасы фарбуеце. Зараз мода на натуральнасць», – звярнулася да прэтэндэнтак старшыня журы Таццяна Палазкова. – «Хто збіраецца трапіць у фінал, майце на ўвазе, што вам трэба вярнуць свой натуральны колер валасоў».

Паводле журы, цяпер мода на натуральнасць

46 дзеўчын прыйшлі на адборачны тур на конкурс прыгажосці «Міс-Магілёў-2019». Хоць арганізатары і выставілі канкрэтныя абмежаванні: ад 16 да 24 год і ад 170 см па росце, але на адбор усё роўна прыйшлі і маладзейшыя, і ніжэйшыя.

Арганізатары выставілі абмежаванні па ўзросце і па росце
Трошкі прыйшлося прадэфіліраваць перад журы

Пазмагацца за тытул «Міс-Магілёў» прыйшла і сябра магілёўскага маладзёвага парламенту пры савеце дэпутатаў. Дзяўчына сумленна прызналася:

– Мой рост – 165 см, я ведаю, што не падыходжу, але ўсё роўна вырашыла паспрабаваць.

– Малайчына! – адказвае ёй журы, але ў фінал не пускае.

Не ўсе дзеўчыны праходзілі па росце і ўзросце
Ацэньвалі ўсё, у тым ліку і хобі дзеўчын

Старшыня журы Таццяна Палазкова выкладае дэфіле і ўпраўляе магілёўскім аддзяленнем Nagorny model school. Яна адразу папярэдзіла дзяўчат:

– Я буду глядзець усё: і даўжыню валасоў, і вашую пластыку. Трошкі прыйдзецца прадэфіліраваць. І абавязкова называйце сваё хобі, каб мы разумелі, чым вы напоўнены, акрамя прыгожых ног і фігуры. Мы ўсё гэта ўлічым і будзем раіцца. Тым, хто прайшоў далей, мы патэлефануем, а каму не патэлефануем, не крыўдуйце. Для вас мы аб’явім кліч у 2020 годзе на адбор на «Міс-Беларусь».

Шмат чорных строяў
За «Міс-Магілёў-2019» змагаюцца 46 дзеўчын

Большасць канкурсантак прыйшлі ў чорных строях. Падобнымі адна на адну іх робяць і захапленні: у асноўным замежнымі мовамі, візажам і танцамі.

Трошкі прыйшлося прадэфіліраваць перад журы
Пераможцу конкурсу назавуць у траўні

Сярод шэрагу адразу выдзяляюцца некалькі дзеўчын: стыпендыятка прэзідэнта Беларусі, дзяўчына, якая мае чорны пояс па каратэ, школьніца, якая ідзе на залаты медаль, спартсменка нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы. Але ці дапамогуць гэтыя факты біяграфіі атрымаць жаданы тытул «Міс-Магілёў», мы даведаемся толькі ў траўні.

За «Міс-Магілёў-2019» змагаюцца 46 дзеўчын

Фінал конкурсу «Міс-Магілёў 2019» адбудзецца 17 траўня. 20 канкурсантак адбяруць паводле аналізу выступаў і фотаздымкаў з адборачнага туру.

Вольга Васільева, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў