Не хапае натхнення? Думайце пра будучыню, рабіце ўжо цяпер

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Сярэдзіна зімы – мароз, мала сонца. Навіны – кожны дзень у асноўным пра арышты і штрафы. Многія пачынаюць маркоціцца і падаюць духам, губляюць веру ў лепшае.

Што рабіць, каб захаваць сілы і баявы дух да вясны?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: АК / Белсат

Перамога цалкам рэальная, але не будзе лёгкай

Краіна стаіць на парозе вялікіх зменаў да лепшага, але найперш варта разумець, што для іх трэба будзе шмат папрацаваць. Аўтаматычна нічога не зробіцца. Лёгкага шпацыру не будзе.

Ацэньвайце з аптымізмам шанцы народу на поспех, аднак не чакайце, што поспех сам зваліцца вам у рукі. Гэткія марныя надзеі толькі прывядуць да расчаравання. Рэжым рана ці позна лясне, аднак хто прыйдзе на змену? Колькі народных рэсурсаў дыктатура выкіне за гэты час на вецер?

Той, хто рыхтуецца да цяжкасцяў на шляху да перамогі, той лепш рыхтуецца да гэтага шляху і хутчэй яго пройдзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: АК / Белсат

Грунтам вашай веры ў перамогу мусіць стаць веданне сваіх моцных бакоў, дысцыпліна і настойлівасць, а не сляпая надзея на ўдачу.

Уявіце Беларусь сваёй мары

Мы стаім перад вялізарнай задачай адбудовы новай краіны. Каб гэта зрабіць, трэба зразумець, што і як мы хочам пабудаваць. Пачынайце ўяўляць і адчуваць, якой прыгожай будзе гэтая новая Беларусь. Ад усёй душы пажадайце жыць у ёй. Няхай прывабнасць і веліч гэтай Беларусі, якую вы створыце для сваіх нашчадкаў, захопіць вас цалкам.

Тут размова не проста пра паветраныя замкі. Мара павінна быць такой, каб хаця б да часткі яе можна было дакрануцца, адчуць яе пад пальцамі.

То бок мара мусіць быць не толькі тэарэтычнай (заможная, свабодная і магутная краіна, з пашпартам якой вам паўсюль павага), але і практычнай – найперш у той сферы, у якой вы маеце непасрэдны ўласны досвед. То бок адна мара – вялікая і маштабная, а іншая – канкрэтны складнік гэтай вялікай мары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

І як грунт пад гэтую мару пачынайце складаць план, як гэтую мару ажыццявіць. Напрыклад, вы працуеце на пошце ці ў шпіталі – што і як змяніць, каб гэта былі пошта ці шпіталь вашай мары? Потым запішыце гэты план, абмяркуйце з калегамі ці суседзямі. А яны падзеляцца з вамі сваімі планамі. Так вы разам пачняце будаваць будучую Беларусь ужо цяпер.

З гэтым звязаны і наступны метад.

Вывучайце, «як яно працуе»

Хочаце нешта змяніць у краіне пасля перамогі ці некага перамагчы ўжо цяпер? Не губляйце часу, паспрабуйце сабраць максімум інфармацыі, якая датычыць вашай мэты. Назірайце, чытайце, глядзіце відэа, пішыце звароты, знаёмцеся, шукайце аднадумцаў.

Атрымлівайце веды, развівайце тыя навыкі, якія дапамогуць перамагчы.

У тым ліку кантактуйце з існымі недзяржаўнымі і дзяржаўнымі структурамі, пішыце запыты, прыходзьце на прыёмы да чыноўнікаў, каб зразумець, якой сілай круцяцца і за што чапляюцца шасцерні ўрадавага механізму.

Падтрымлівайце кантакты, размаўляйце па-беларуску

Суседзі, сябры, аднадумцы – гэта ўсё вялікая сіла. Адчуванне еднасці з іншымі людзьмі дае натхненне і вам, і – праз вас – гэтым людзям.

Захоўвайце сувязі, якія наладзіліся за гэтыя лета і восень, наладжвайце новыя. Гэта дасць вам новыя маральныя сілы, а таксама новыя магчымасці для змагання за лепшую будучыню краіны.

Прычым тут беларуская мова? Адказваю. Зараз небяспечна насіць нейкі матэрыяльны сімвал будучай Беларусі – бел-чырвона-белую стужку, напрыклад. Аднак мы маем цудоўны нематэрыяльны сімвал – беларускую мову. Карыстайцеся ёю паўсюль. Вы знойдзеце вельмі шмат аднадумцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ТК / Белсат

А на развітанне на касе ў краме ў адказ на «Жыве Беларусь!» вы часта пачуеце «Жыве!» ці «Жыве вечна!» Добры настрой на ўвесь дзень гарантаваны і вам, і касіру. Праверана.

Змагайцеся кожны дзень

Найбольшае натхненне даюць перамогі, няхай і самыя невялікія. Ад графіці ды сцяга, якія дэманструюць, што супраціў працягваецца, да кожнага новага знаёмага, у якога з вамі агульная мэта.

Дапамагайце тым, каго пераследуюць, развучвайце і спявайце новыя песні, купляйце кнігі. Няхай узнікаюць новыя ідэі і планы ў вашым дваровым чаце, арганізуюцца абмеркаванні, сустрэчы. Разам можна гуляць у сняжкі ды рабіць прабежкі – і «проста так», і «на ўсю моц». Дзяліцеся сваімі поспехамі з усімі праз інтэрнэт – з захаваннем захадаў эпідэмічнай бяспекі, вядома.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ЛП / Белсат

Самастойна шукайце сабе ўсё новыя і новыя задачы ці новыя спосабы іх развязання. Знаёмы псіхолаг параўноўваў гэты працэс з тым, як дзеці пастаянна на лядовай горцы шукаюць новыя спосабы з’язджаць уніз.

Гэта не проста падтрымлівае настрой і нам, і іншым людзям, гэта дадае разнастайнасці, дае новы навыкі, робіць нас больш моцнымі ды кампетэнтнымі, вучыць шукаць агульную мову з іншымі людзьмі.

Нас – пераважная большасць, таму калі кожны змагаецца, то ў выніку добрых навінаў адназначна будзе болей, а перамога стане рэальнасцю.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў