Ва Украіне працягваецца праект, накіраваны на інфармаванне ўкраінскіх школьнікаў пра ўдзел беларускіх добраахвотнікаў у вайне.
Арганізатарам праекту з’яўляецца Грамадскі сектар Атрада «Пагоня». На сустрэчы са школьнікамі прыходзяць байцы Тактычнай групы Беларусь. Адзін з іх – добраахвотнік Зубр.
Сустрэчы з ім прайшлі ўжо ў васьмі школах Уладзімір-Валынскага, Ковеля і Любомля. У агульнай суме іх наведала больш за 1500 школьнікаў.
На кожнай сустрэчы навучэнцы праяўлялі актыўнасць і з цікавасцю задавалі пытанні, якія ў асноўным тычыліся Беларусі і сітуацыі на фронце, распавядае Зубр:
«Пыталіся, ці знайшоу я каханне на фронце. Ці было страшна. Пыталі, ці дапамагаюць валанцёры. Цікава ім было. Але шмат чаго нельга казаць дзецям: пра смерць,кроў, даслоўна не распавядзеш, што адбывалась – шмат лаянкі на вайне. Таму я ўходзіу ад адказаў».
Напрыканцы ўкраінскія школьнікі мелі магчымасць сфатаграфавацца з бел-чырвона-белым сцягам і беларускім добраахвотнікам.
Беларускія добраахвотнікі Атрада «Пагоня» прыпынілі ўдзел у вайсковых дзеяннях і стварылі арганізацыю «Грамадскі сектар Атрада «Пагоня», якая ў першую чаргу займаецца рознабаковай дапамогай беларускім добраахвотнікам. Пра гэтае яны заявілі на старонцы ў Facebook 16 верасня 2016 году.
Пасля завяршэння «Еўрамайдана» беларусы, якія прымалі ўдзел у падзеях на Майдане Незалежнасці ў Кіеве, пачалі папаўняць шэрагі добраахвотніцкіх батальёнаў. У прыватнасці ўліліся ў рады «Данбаса» і «Азова».
3 чэрвеня 2014 года камандзір батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка ў інтэрвʼю журналістам паведаміў, што ў яго падраздзяленні ваююць 15 беларусаў. Сярод іх, паводле яго, былі і тыя, хто прыбыў з Беларусі, і тыя, хто да гэтага жыў ва Украіне.
Адным з арганізатараў атраду стаў украінскі палітык з Валыні Ігар Гузь. Ён паведаміў журналістам, што фармаванне атраду, як баявой адзінкі пачалося ў ліпені 2014 года ў спецыяльна абсталяваным лагеры на Валыні. Зрэшты, у баявыя дзеянні, як самадастатковая адзінка падраздзяленне не ўступаў. Яго байцы пасля падрыхтоўкі былі абʼяднаныя ў групы па 3-7 чалавек і ўліваліся ў добраахвотніцкія батальёны і іншыя фармаванні. Такая схема была прынятая для канспірацыі, каб беларускія спецслужбы не змаглі вылічыць удзельнікаў.
«Пасля правядзення шэрага перамоў кіраўніцтвам Добраахвотніцкага Украінскага Корпуса прынята рашэнне аб стварэнні тактычнай групы «Беларусь»», – паведамілі адміністратары суполкі «Згуртаванне Патрыётаў» 7 чэрвеня 2015 году.
З таго часу тактычная група «Беларусь» яднае беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне.
ВД, belsat.eu