Не дазваляюць праверыць «камунальныя сістэмы»: Расея скардзіцца на «захоп» рэзідэнцыі генконсула ў ЗША


Амерыканскія спецслужбы праніклі ў рэзідэнцыю генконсула Расеі ў горадзе Сіэтл, якую нядаўна пакінулі расейскія дыпламаты, заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава.

«Амерыканскія агенты ўвайшлі туды, калі не было гаспадароў, без дазволу і ў літаральным сэнсе ўзламаўшы дзверы, а потым зладзілі там татальны ператрус», – цытуе Захараву meduza.io.

Яна назвала гэта «захопам», адзначыўшы, што будынак рэзідэнцыі належыць Расеі. Тое, што ўлады ЗША спынілі працу генконсульства ў Сіэтле, паводле Захаравай, не пазбаўляе расейскі бок права ўласнасці на будынак.

Захарава таксама заявіла, што амерыканскія ўлады «захапілі» шэсць дыпламатычных аб’ектаў Расеі ў Вашынгтоне, Нью-Ёрку і Сан-Францыска (дыпрадстаўніцтвы спынілі працу пасля патрабаванняў РФ скараціць колькасць амерыканскай дыпмісіі).

«Нас туды не пускаюць нават, каб праверыць спраўнасць камунальных сістэмаў», – сказала яна.

Раней амбасада Расеі ў ЗША апублікавала два відэа, на адным з якіх невядомыя людзі спрабуюць адкрыць дзверы ў будынку на тэрыторыі генконсульства ў Сіэтле. Расейскае дыппрадстаўніцтва заявіла, што гэта агенты амерыканскіх спецслужбаў.

Генконсульства Расеі ў Сіэтле спыніла працу 2 красавіка. Пра закрыццё генконсульства, а таксама аб высылцы з краіны 60 расейскіх дыпламатаў улады ЗША абвясцілі ў канцы сакавіка. Такім чынам ЗША адрэагавалі на атручванне ў Вялікай Брытаніі Сяргея і Юліі Скрыпаль. Апошнія супрацоўнікі генконсульства з’ехалі 24 красавіка.

ЮВ, belsat.eu, паводле meduza.io

Стужка навінаў