«Не даюць жыць і працаваць». Здымачную групу «Белсату» пераследуюць участковыя

ВІДЭА

Журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук

Участковыя Ленінскага РАУСу Берасця і Камянецкага РАУСу прыехалі да журналістаў Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай, каб уручыць пратакол за матэрыял пра Дажынкі.

8 кастрычніка берасцейскі журналіст Алесь Ляўчук вяртаўся з крамы дахаты. Перад домам суседзі папярэдзілі яго, што ў пад’ездзе схаваліся міліцыянты.

«Я ўсё роўна пайшоў унутр. Там на мяне чакалі ўчастковы Камянецкага РАУСу і супрацоўнік Ленінскага РАУСу Берасця, якія хацелі ўручыць мне і маёй жонцы пратаколы паводле артыкулу 22.9 КоАП. Яны прапанавалі мне паехаць з імі, але я адмовіўся. Адмовіўся таксама падпісваць пратакол. У выніку міліцыянты з’ехалі», – распавядае Ляўчук.

Паводле Ляўчука, пратаколы былі складзеныя за іх матэрыял пра тое, як мястэчка Высокае рыхтуецца да Дажынак.

На думку журналіста, гэтак улады помсцяць яму за прафесійную дзейнасць.

«Кожны наш выезд па-за Берасце ў прафесійных мэтах заканчваецца пратаколам. Яны не даюць нам жыць і працаваць», – дадае Алесь Ляўчук.

Улады пераследуюць журналістаў «Белсату» з дапамогай часткі 2 артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях – «Незаконны распаўсюд прадукцыі СМІ». Сёлета паводле гэтага артыкулу нашыя калегі сплацілі амаль сотню штрафаў на агульную суму Br 66 175.

ДД

Глядзі таксама
Каментары