Не далі цыгарэту. П’яная жанчына з нажом напала на пенсіянера


У Калінкавічах п’яная жанчына ледзь не забіла незнаёмага пенсіянера. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў.

12 снежня каля 7.00 у двор дому калінкавіцкіх пенсіянераў прыйшла п’яная жанчына і паспрабавала нажом параніць 80-гадовага гаспадара ў жывот. Той змог адабраць зброю, і нападніца ўцякла. У пенсіянера засталіся драпіна на целе і парэзы на двух пальцах.

Недалёка ад месца здарэння міліцыянты затрымалі 32-гадовую мясцовую жыхарку. Напярэдадні ноччу яна выпівала з мужам. Раніцай выйшла на вуліцу папрасіць у мінакоў цыгарэты або грошы на іх. Паводле падазраванай, кампанія маладых людзей з ёю не падзялілася і яшчэ абразіла яе. Жанчыне здалося, што нехта з іх зайшоў у двор да пенсіянераў. Яна ўзяла нож і пайшла туды.

Зараз нападніца знаходзіцца ў ІЧУ.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў