«Не бясшкодная па хімічнаму складу». У сеціва трапілі вынікі экспертызы пітной вады


Тэлеграм-канал koko_by апублікаваў дакумент за подпісам галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Нэлі Гіндзюк, у якім распавядаецца пра вынікі лабараторнай экспертызы якасці водаправоднай вады ў Менску.

У дакуменце адзначаецца, што пітная вада не адпавядае санітарным нормам. У прыватнасці, зафіксавана неадпаведнасць патрабаванням па ўзроўню перманганатнай акісляльнасці (паказнік наяўнасці ў вадзе арганічных і мінеральных рэчываў), нафтапрадуктаў. Эксперты прыйшлі да высновы, што вада «не бясшкодная па хімічнаму складу».

24 чэрвеня ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы пачаліся праблемы з пітною вадою. Жыхары наракалі на рэзкі пах і пякоту. Хутка быў арганізаваны падвоз вады ў цыстэрнах. «Менсквадаканал» у ноч на 25 чэрвеня распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што на падставе патрабаванні санітарных службаў піць водаправодную ваду ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёне сталіцы пакуль нельга.

Раніцай на сайце прадпрыемства паведамлялася, што працаўнікі «Менскводаканал» усю ноч праводзілі прафілактычныя працы і цяпер «якасць вады ў магістральных сетках і ў раённых помпавых станцыях цалкам адпавядае патрабаванням санітарных правілаў і нормаў». «З мэтай паскоранага вываду вады з рэшткавым пахам з сістэмаў водазабеспячэння пераканаўча просім у ранішнія гадзіны выкарыстоўваць ваду на гаспадарча-бытавыя патрэбы або забяспечыць яе зліў на працягу 10-15 хвілінаў», – адзначалася ў заяве прадпрыемства.

Цяпер у «Менсквадаканале» не адказваюць на званкі. Пры гэтым інфармацыя пра брудную воду працягваюць паступаць ад менчукоў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў