«Не бачу будучыню з Лукашэнкам». Да 100 чалавек прыйшлі на пікет за Ціханоўскую ў Лёзне

Пікет у Лёзне зладзіла Таццяна Севярынец. Фота: belsat.eu

Агітацыйныя пікеты за кандыдатку ў прэзідэнты Беларусі Святлану Ціханоўскую праходзяць не толькі ў тых гарадах, дзе яны прыязджае сама.

Гэтак, 26 ліпеня агітацыйны пікет за кандыдатку ў Лёзне правяла ейная давераная асоба Таццяна Севярынец з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

На акцыю прыйшлі да 100 чалавек. Фота: belsat.eu

Актывістка распавяла, што з’яўляецца радыкальнай апазіцыянеркай і чакае пераменаў, таму і стала побач са Святланай Ціханоўскай.

Удзельнікам раздавалі абвесткі пра кандыдатку. Фота: belsat.eu

Яна таксама распавяла пра онлайн-платформу «Голас», якая павінна дапамагчы абараніць выбар беларусаў і паказаць вынікі, якія падлічаць не камісіі, а самыя выбарнікі.

«Ліда [старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. – Рэд. Belsat.eu] не бачыць будучыні без Лукашэнкі, а я не бачу будучыню з Лукашэнкам», – заявіла Севярынец.

Прысутныя адзначылі, што ніводны голас лёзненцаў не залічылі ў падтрымку Ціханоўскай.

На пікеце было шмат людзей з дзецьмі. Фота: belsat.eu

Агулам у сустрэчы ўдзельнічаюць каля 100 чалавек. Шмат хто прыйшоў з дзецьмі і ўнукамі.

Адзін мужчына выйшаў да мікрафону з натоўпу і заявіў, што падчас галасавання трэба не проста фатаграфаваць бюлетэнь, а сфатаграфаваць з прывязкай да мясцовасці.

Прамоўца больш не хоча галасаваць за Лукашэнку. Фота: belsat.eu

«Я два разы галасаваў за Лукашэнку – больш не галасаваў. Зараз ён павінен сысці, каб не было крыві», – заявіў выступовец.

Пікет быў аздоблены бел-чырвона-белымі сцягамі. Фота: belsat.eu

Ён таксама папярэдзіў, што 9 жніўня могуць быць правакацыі.

МГ belsat.eu

Hавiны