«Мне сорамна». Экс-журналістка БТ папрасіла прабачэння за тое, што працавала на дзяржпрапаганду


Былая журналістка дзяржаўных тэлеканалаў, пераможца конкурсу «Тэлевяршыня-2010» ў намінацыі «Найлепшы рэпарцёр» Наталля Копацева заявіла, што ёй сорамна перад беларусамі за сваю працу на дзяржаўную прапаганду.

Наталля Копацева напісала вялікі пост у Instagram, дзе распавяла, што яна не хоча жыць у страху і баяцца, што грамадзянскі пратэст можна трапіць у СІЗА. «Сыходзь! Крычу я ў сваім уяўленні сярод дзясяткаў тысяч», – кажа яна.

«Я хачу. Я проста абавязаная у кожнага з вас папрасіць прабачэння. І цяпер для гэтага самы зручны момант. Бо сябры і блізкія даўно ведаюць, за што мне сорамна. Перш за ўсё за тое, што 15 і нават 10 гадоў таму была маладой і… дурной, а пакутавалі ад гэтага іншыя», – піша Копацева.

Наталля распавядае пра тое, як марыла быць журналісткай, з 16 год супрацоўнічала з моладзевай перадачай «5×5» на БТ, а пазней пачала працу ў Агенцтве тэленавінаў. Там яе пасылалі здымаць пратэсты апазіцыі.

«Ведайце, мне 33, а ТАМ нічога не змянілася. Здымаць вулічныя пратэсты па-ранейшаму адпраўляюць учорашніх выпускнікоў. Рабоў. Так гэта і называецца ў мацёрых… якое ж іншае слова падабраць акрамя прапагандыстаў. Самі яны на такія здымкі не выязджалі і не выязджаюць. Баяцца. Ужо занадта знаёмыя народу іх твары», – адзначае яна.

Паводле Наталлі, кіраўніцтва на дзяржтэлеканалаў «па факце замбуе» маладых журналістаў, якія толькі прыйшлі туды працаваць. Яны атрымліваюць падзякі, прэміі і бясплатныя кватэры і ў выніку праз 15-20 гадоў нават не могуць уявіць сябе, што дзесьці існуе іншае жыццё. І цяпер гэтыя людзі будуць біцца не столькі за ўладу, колькі за сваю «зону камфорту».

«Для мяне яны ўсе з матрыцы. І ўсё вырваліся з яе – я і мае былыя калегі зразумелі, наколькі жахлівым быў гэты дурман. Пішу і думаю, якія б слова не падабрала, усё роўна будзе апраўданне. Не апраўдваю сябе. Каюся», – кажа Наталля.

Копацева папярэджвае беларусаў, што ў ноч пасля выбараў 9 жніўня беларусам варта чакаць масавых правакацыяў і гэта будуць адпрацаваныя прыёмы ў выглядзе «захопу, пабітага шкла і запальнай сумесі». «Спадзяюся да куляў яны не апусцяцца», – дадае яна.

«Выратаваць нас усіх можа толькі адно. Адзінства. Дзясяткі. Сотні тысяч. Якія нельга заштурхаць у аўтазак», – падкрэслівае Копацева.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў