Названая прычына смерці брытанскага спевака Джорджа Майкла


Былы саліст гурту Wham! сканаў ад сардэчнай няздатнасці. Пра гэта заявіў ягоны мэнэджэр.

Джорджу Майклу было 53 гады. Артыст памёр у сваім доме ў графстве Оксфардшыр на Божае Нараджэнне.

Сапраўднае імя Джорджа Майкла Йоргас Кірыякас Панайоту. Ён нарадзіўся ў 1963 годзе ў Лондане. За сваю карʼеру музыка прадаў больш за 100 мільёнаў запісаў. У 1981 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў легендарнага гурту Wham!, які запісаў калядны хіт «Last Christmas».

Пасля распаду Wham! у 1986 спявак распачаў паспяховую сольную карʼеру. Джорджа Майкла называюць іконай брытанскай культуры.

У апошнія гады ў артыста былі праблемы са здароўем і наркотыкамі. У розных СМІ пісалі пра яго дэпрэсію, аднак гэту інфармацыю афіцыйна не пацвярджаў ані спявак ані ягонае атачэнне.

Апошнім часам выканаўца не зʼяўляўся на публіцы. Некалькі тыдняў таму ў медыях апублікавалі інфармацыю, што ён працуе над новым альбомам.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў