Назіральніку надзелі кайданкі за патрабаванне пералічыць бюлетэні


У «Фэйсбуку» назіральніка Пятра Маркелава з’явілася відэа, на якім бачнае ягонае затрыманне міліцыянтамі на ўчастку №286 участку 99-й акругі.

Прычынай здарэння стала патрабаванне кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блоку» Стаса Шашка пералічыць пададзеныя за яго галасы.

«Галасаванне праходзіць у інтэрнаце, дзе я добра ведаю, як да мяне ставяцца, – распавёў Стас Шашок радыё «Свабода». – Я на свае вочы бачыў, што ня менш як у трох сябраў камісіі, якія вялі падлік, за мяне было пададзена больш як 30 галасоў у кожнага. Гэта агулам каля ста галасоў. І раптам абвяшчаюць, што за мяне толькі 46».

Неўзабаве пасля таго, як Маркелаў распачаў відэаздымку, на ўчастак прыбыў нарад міліцыі з Маскоўскага РУУС. Пасля непрацяглай размовы назіральніка пачалі выцягваць з участку сілай, а запіс абарваўся.

Пётр Маркелаў. Фота з «Фэйсбуку» актывіста

Паводле Стаса Шашка, міліцыянты надзелі на назіральніка кайданкі і павезлі ў аддзел міліцыі.

Калі Шашок прыехаў у Маскоўскі РУУС самастойна, то даведаўся, што Пятру Маркелаву інкрымінуюць дробнае хуліганства, а таксама трымаюць у нейкім пакоі і не выпускаюць. Пасля складання пратаколу паводле артыкулу 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу («дробнае хуліганства») Маркелаў быў адпушчаны з РАУС.

Самога Шашка міліцыянты збіраюцца апытаць як сведку.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў