Назіральнікі ў Магілёве: «Выбары не адбыліся, яўка каля 40 %»


Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» ў Магілёве зладзілі прэс-канферэнцыю з нагоды назірання на 84-ай і 85-ай выбарчай акрузе. Паводле іхных звестак, мелі месца фальсіфікацыя яўкі выбарнікаў, выдаленні назіральнікаў з участкаў паводле надуманых падставаў, фантастычныя лічбы галасавання ўдома.

– Чым жахлівей хлусня, тым хутчэй у яе павераць – на жаль, гэта так. У нас былі назіральнікі на ўсіх частках 85-ай акругі гораду Магілёва. І, па іх дадзеных, яўка выбарнікаў на гэтай акрузе склала менш за 40 %, выбары не адбыліся. Хаця па сцэнару ўлады яўка склала больш за 70 %», – сказаў каардынатар назірання, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Магілёве Уладзімір Шанцаў.

Паводле каардынатара назірання за выбарамі па 85-ай акрузе Магілёва Віталя Макаранка, шмат людзей ігнаравалі выбары, бо ставіліся да іх нібыта як да цырку.

– Веры ў змены пры дапамозе выбараў у людзей няма. Рэальная яўка склала плюс-мінус 40 % па ўчастках. Нават да палавіны не дацягнулі, – кажа Віталь Макаранка.

Каардынатары кампаніі «Права выбару» у Магілёве і кандыдаты ў дэпутаты па 84-ай і 85-ай акрузе Магілёва.
Фота: Belsat.eu

Адны філейныя часціны

На думку Віталя Макаранка, у параўнанні з мінулымі выбарамі сітуацыя пагоршылася. Гэта тычацца найперш стаўлення да назіральнікаў. Сябрамі кампаніі «Права выбару» было зафіксаванае вельмі агрэсіўнае і вельмі брутальнае абыходжанне з назіральнікамі: пазбаўленне акрэдытацыі, выдаленне з участкаў пры адсутнасці парушэнняў з боку назіральніка.

– Калі раней былі выпадкі, што людзей хаця бы падпускалі да сталоў, то цяпер можна было назіраць толькі на адлегласці 5-10 метраў ад стала. Адныя філейныя часціны сябраў камісіі [былі бачныя. – Belsat.eu]. А Ярмошына [Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК. – Belsat.eu] у сваіх метадычках усё ж такі рэкамендуе падпускаць назіральнікаў да стала, – кажа Макаранка.

Hавiны
ЦВК назвала прозвішчы новых дэпутатаў. Апазіцыі сярод іх няма
2019.11.18 06:40

Фантастычныя лічбы галасавання на даму

– Мы бачылі па 230 чалавек, якія нібыта прагаласавалі на даму ў асноўны дзень галасавання. Абсалютны рэкорд – 315 чалавек, пры тым запісвалася на галасаванне на даму толькі 50 чалавек. Элементарная арыфметыка паказвае, што нават пры наяўнасці трох скрыняў для галасавання цэлага дня не хопіць, каб абыйсці столькі людзей. Выбарчыя камісіі паціраюць рукі. Як сказаў нам адзін старшыня камісіі: «у нас усё сыдзецца», – каментуе Віталь Макаранка.

Аб’ектыў
Не выбары, а трагікамедыя: укіды, канцэрты, гарэлка
2019.11.17 21:29

Гэтым настаўнікам не даверыш сваіх дзяцей

Сваю абуранасць вынікамі назірання прыйшлі выказаць і два кандыдаты ў дэпутаты: Таццяна Сівачэнка, якая ішла па 85-ай акрузе і Алег Аксёнаў, які балатаваўся па 84-ай акрузе Магілёва.

– Гэта можна назваць нацыянальным крызісам. Людзей ужо настолькі перасталі паважаць, што адымаюць права голасу. Сябры камісій, якія фальсіфікуюць гэтыя выбары, – гэта настаўнікі. Ім ні ў якім разе нельга давяраць дзяцей. Многія беларусы гэта разумеюць і будуць старацца сваіх дзяцей і ўнукаў дасылаць на вучобу за мяжу. Як можна вучыцца ў тых, хто нахабна хлусіць? Яны адымаюць будучыню ў кожнага грамадзяніна Беларусі, – сказала Таццяна Сівачэнка.

Таццяна Сівачэнка, кандыдатка на дэпутацтва па 85-ай акрузе ў Магілёве.
Фота: Belsat.eu

На ўчастку ў СШ № 11, дзе Таццяна Сівачэнка прысутнічала як кандыдатка у дэпутаты, адбыўся непрыемны інцыдэнт. Сябры камісіі вельмі ціха агучвалі лічбы, праз што сакратарка камісіі склала пратакол з памылкай. Калі выніковыя лічбы не сышліся, прыйшлося раскрываць пакеты і лічыць бюлетэні зноўку.

Алег Аксёнаў балатаваўся ў дэпутаты па 84-ай акрузе Магілёва. Прадстаўнік хрысціянскай дэмакратыі кажа, што браў удзел у кампаніі з адзінай мэтай – выкрыць усе гэтыя хібы і фальсіфікацыі падчас выбарчага працэсу.

Hавiны
Назіральнікі ад «Права выбару»: Яўка не адбылася на 5 акругах, зафіксаванае 731 парушэнне
2019.11.18 13:14

– На 84-ай акрузе назіранне было татальнае, мы пакрылі ўсе ўчасткі. Вынікам працы нашых назіральнікаў стала лічба, якая паказвае, што на 84-ай акрузе выбары не адбыліся. Розніца ў яўцы дахадзіла да 400 чалавек на адным участку. Зноўку ў беларусаў скралі права абіраць сваіх кандыдатаў і такім чынам уплываць на сваё жыццё, – сказаў Алег Аксёнаў.

Алег Аксёнаў.
Фота: Belsat.eu

Назіральнікі кампаніі «Права выбару» вялі падлікі колькасці выбарнікаў на ўчастках і на датэрміновым галасаванні і ў асноўны дзень 17 лістапада. Азнаёміцца з канкрэтнымі лічбамі можна на сайце кампаніі ў раздзеле «Статыстыка».

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў